Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі патрабуе распачаць крымінальныя справы па падзеях 25 кастрычніка
Адпаведная заява накіравана ў Следчы камітэт.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі ў асобе беларускіх праваабарончых арганізацый падаўзаяву ва ўпраўленне Следчага камітэта па горадзе Менску з патрабаваннем распачаць крымінальныя справы па факце прымянення сілавікамі зброі, боепрыпасаў і гвалту супраць мірных дэманстрантаў у Мінску 25 кастрычніка.
Заяву падпісалі РГА «Прававая ініцыятыва», праваабарончая арганізацыя «Human Constanta», «Беларускі дакументацыйны цэнтр», ПДГА «Звяно», «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын».
Праваабаронцы заявілі, што ў дачыненні да дэманстрантаў супрацоўнікі органаў унутраных спраў выкарыстоўвалі агнястрэльную зброю, спецыяльныя сродкі, у тым ліку кідалі ў натоўп людзей светлашумавыя гранаты. Дадзеная інфармацыя падмацавана відэа са спасылкамі на шматлікія СМІ і телеграм-каналы.
У заяве гаворыцца, што ўжыванне зброі і спецыяльных сродкаў пачалося, калі дыстанцыя паміж пратэстоўцамі і супрацоўнікамі органаў унутраных спраў была не менш за 50 метраў, што зняпраўджвае афіцыйную версію МУС Беларусі аб ужыванні зброі ў адказ на напады. Адзначаецца таксама, што светлашумавыя гранаты выкарыстоўваліся пад вокнамі 7-га радзільні, дзе знаходзіцца рэанімацыя для парадзіх з сардэчным захворваннямі, а таксама дзе знаходзяцца нованароджаныя. Дадзеныя дзеянні, падкрэсліваюць аўтары заявы, маглі прывесці да незваротных наступстваў для здароўя цяжарных жанчын.
Адзначаецца, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў уварваліся ў кватэру грамадзяніна з мэтай затрымання людзей, якія знаходзіліся там. Пры гэтым службовыя асобы не мелі неабходных дакументаў, а таксама законнай мэты, якая дазваляе парушыць недатыкальнасць жылля. Юрысты заяўляюць, што не было ніякіх умоў і падстаў для прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў, прадугледжаных заканадаўствам. Яны адзначаюць, што ў адпаведнасці з арт. 29 Закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» забараняецца прымяняць або выкарыстоўваць зброю пры значным колькасці людзей, калі ад гэтага могуць пацярпець староннія асобы.
Праваабаронцы патрабуюць распачаць крымінальную справу па факце перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Заява аб узбуджэнні крымінальнай справы таксама пададзена ў Наваполацкі гарадскі аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь у сувязі з жорсткімі затрыманнямі і разгонамі у Наваполацку 25 кастрычніка.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі заклікае сведак і пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў звяртацца для дакументавання і далейшага аналізу таго, што адбываецца падчас пратэстаў.