МЗС: ажыятаж вакол праграмы інтэграцыі Беларусі і Расіі створаны на пустым месцы
Ажыятаж вакол праграмы інтэграцыі Беларусі і Расіі «створаны зусім на пустым месцы», заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз 20 верасня на брыфінгу ў Мінску.
Кажучы пра тое, чаму дакумент не апублікаваны для азнаямлення шырокай грамадскасці, насуперак абяцанням уладаў, ён адзначыў, што «гэтае пытанне выходзіць за рамкі выключна кампетэнцыі МЗС».
«На яго нядаўна быў дадзены адказ кіраўніком адпаведнай рабочай групы, які на гэта ўпаўнаважаны», — падкрэсліў Глаз (гаворка ідзе пра каментары міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога. — БелаПАН).
«Выключна ў якасці свайго каментара хацеў бы сказаць, што ажыятаж, які паўстаў, створаны цалкам на пустым месцы, для яго няма ніякіх практычных падставаў, — сказаў прэс-сакратар МЗС. — Хацеў бы яшчэ раз нагадаць назву праекта — Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Менавіта ў гэтым закладзены сэнс дакумента. Нічога выходзячага за рамкі Саюзнай дамовы 1999 года там быць не можа».
Чытайце таксама: Андрэй Ягораў: Расія паступова зацягвае пятлю на шыі Беларусі
16 верасня расійская газета «Коммерсантъ» раскрыла некаторыя падрабязнасці Праграмы дзеянняў Беларусі і РФ па рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Паводле ацэнкі выдання, праграма дзеянняў, якую парафіравалі 6 верасня ў Маскве прэм'ер-міністры Расіі і Беларусі, гэта «даволі радыкальны праект»: эканамічная інтэграцыя да 2021 года на ўзроўні не менш як у Еўрасаюзе, а ў шэрагу пытанняў — аналагічная канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржавам: «Пры рэалізацыі плана да гэтага тэрміну гаворка ідзе пра паглынанне моцна дзяржаўленай эканомікай Расіі амаль цалкам дзяржаўнай эканомікі Беларусі на ўзроўні кіравання».
23 жніўня па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам беларускі прэм'ер паведаміў, што праект абноўленай праграмы па рэалізацыі саюзнай дамовы налічвае 66 пунктаў. У аснове канцэпцыі — прынцып «дзве краіны — адзін рынак».
18 ліпеня на перамовах у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну вырашыць усе праблемы інтэграцыі да снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
naviny.by