На фінішы мінскага паўмарафона бягуна з бел-чырвона-белым сцягам зацягнулі ў аўтазак

Ён бег з нацыянальным сцягам і ў мінулым годзе — тады праблем не ўзнікла.

marathon.jpg

Уладзь Сташкевіч фінішаваў на дыстанцыі 21.1 км і адразу быў затрыманы мінскім АМАПам.
Усю дыстанцыю я прабег з бел-чырвона-белым сцягам. Людзі падтрымлівалі, фатаграфаваліся, крычалі «Жыве Беларусь!» Кожныя пяць хвілін, як і ў мінулым годзе, — распавёў малады чалавек «Салiдарнасцi». — Атрымаў медаль, пасля чаго мяне ўзялі пад рукі — я ж быў знясілены — і павалаклі ў аўтазак. Там паўгадзіны дапытвалі людзі ў цывільным — пыталіся, маўляў, навошта табе гэта трэба, навошта ты гэта зрабіў?
Затым бягуна павезлі ў РУУС Цантральнага раёна, дзе склалі два пратаколы і пратрымалі каля трох гадзін.
Копій пратаколаў не выдалі і канфіскавалі сцяг. Хацелі трымаць і надалей, але мне стала кепска — я ж з самай раніцы пасля паўмарафон нічога не еў і амаль не піў. Цяпер, як сказалі ў міліцыі, будуць вырашаць, ці ёсць у маіх дзеяннях склад правапарушэння.