У Мінску пратэставалі супраць PRADA
У Мінску 9 верасня зоаабаронцы правялі акцыю супраць вядомага брэнда PRADA. Дадзены брэнд шырока выкарыстоўвае футра жывёл у сваіх калекцыях, што асуджаецца сучасным грамадствам.

Таемныя расследаванні па ўсім свеце паказваюць, што пушных жывёл утрымліваюць у жудасных умовах: яны галадаюць, не атрымліваюць патрэбнай медыцынскай дапамогі, над імі здзекуюцца. Ад голаду і стрэсу на фермах пушных жывёл квітнее канібалізм.

Для параўнання, толькі ў Беларусі, паводле belstat.gov.by штогод забіваецца на футра каля 500 000 жывёл. Па колькасці гэта параўнальна з такімі гарадамі, як Гродна і Барысавым разам узятымі.

Дэманстрацыі супраць Prada зараз праходзяць па ўсім свеце. Абаронцы правоў жывёл большасці еўрапейскіх краін заклікаюць арганізацыю ўзяць прыклад іншых вядомых брэндаў, такіх як Gucci, Armani, Burberry, Versace і Calvin Klein, якія ўжо выключылі натуральнае футра са сваіх калекцый.

Пратэсты — гэта толькі частка вялікай кампаніі, якая накіравана на тое, каб буйныя сусветныя брэнды адмовіліся ад натуральнага футра. Тады пушная індустрыя абрынецца, а лісам, норкам, янотам і шыншылам не прыйдзецца больш цярпець ад рук чалавека.
Яна Каралёва, лідар ініцыятывы «Адчыненыя клеткі»