Фестываль экалагічнага кіно «Планетарый» — падарожжа без візы адразу ў некалькі краін свету

З 24 па 30 верасня ў Мінску пройдзе міжнародны фестываль экалагічнага кіно «Планетарый». Фестывальнай пляцоўкай стане кінатэатр «Цэнтральны» (праспект Незалежнасці, 13). У сёлетняй афішы сем кінапаказаў з ЗША, Бразіліі, Літвы, Расіі ды іншых краін.

vizual_nocznaja_meduza.jpg


Адкрые кінафестываль фільм «Чарнобыльскія бабулі» (The Babushkas of Chernobyl). Амерыканскія дакументалісткі Холі Морыс і Эн Богарт знялі кіно пра жанчын, што жывуць у чарнобыльскай зоне адчужэння і наадрэз адмовіліся пакінуць хаты сваіх продкаў пасля чарнобыльскай катастрофы ў 1986 годзе. 

babushkas_clouds_no_title_copy_2.jpg

Кінастужка лічыцца адным з самых папулярных леташніх фільмаў: яна атрымала прызы «Лепшы фільм» і «Прыз глядацкіх сімпатый" дзесятка фестываляў па ўсім свеце.

 Фільм «24 снегі»

 Фільм «24 снегі»

Падчас фестывалю гледачы ўбачаць фільмы «24 снегі» пра жыццё ў арктычнай Якуціі і пошукі сябе ў лютым клімаце, «Рака вуліцы: графіцы ў Амазонцы» пра тое, як мясцовыя стрыт-арт мастакі размалявалі дамы карэнных жыхароў Амазоніі і ператварылі іх у галерэю пад голым небам, «Старажытныя лясы» — містычны фільм пра жыхароў старажытнага лесу ў Літве, «Блакітнае сэрца» пра барацьбу мясцовых жыхароў за апошнюю вольную ад гідраэлектрастанцый раку на Балканах.

«Старажытныя лясы» 

«Старажытныя лясы» 

Дадаткам да гэтых стужак стане праграма кароткаметражных анімацыйных, дакументальных ды ігравых фільмаў з Францыі, Іспаніі, Індыі, Непалу.

 

«Фільмы, выбраныя сёлета на кінафестываль, гэта нібы падарожжа без візы адразу ў некалькі краін свету і знаёмства з незвычайнымі людзьмі з рознымі, але нязменна натхняльнымі жыццёвымі гісторыямі. Завітайце на наш фестываль, каб пераканацца, што «зялёнае» кіно захоплівае не менш за касавыя блакбасцеры», — распавядаюць арганізатары фестывалю.

vizual_meduza.jpg

Поўную праграму кінафестывалю можна знайсці на сайце.

Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгіналу з беларускімі/рускімі субтытрамі.

Старонка кінафестывалю ў Facebook, ВКонтакте, Instagram.