У Мінску сякуць 186 дрэў, каб пабудаваць шматпавярховікі
Жыхары таўнхаўсаў па вул. Адзінцова ў Мінску абураныя высечкай дрэў на пустцы паміж дзіцячай інфекцыйнай бальніцай і іх дамамі — там, дзе па генплане павінны з'явіцца два мапідаўскія слупкі.
Людзі збіраюць подпісы супраць высечкі дрэў і сцвярджаюць, што дэталёвы план забудовы не праходзіў грамадскае абмеркаванне. Забудоўшчык гэта пацвярджае.
Свае пярэчанні адносна вырубкі дрэваў і будаўніцтва шматпавярховак жыхары накіравалі ў «Зелянбуд» Фрунзенскага раёна і падмацавалі трыма дзясяткамі подпісаў.
«Мы катэгарычна не згодныя з маючым адбыцца знішчэннем натуральнай лесапасадкі, якая расце па краі ўзгорка паміж нашымі дамамі і будучай будпляцоўкай, — гаворыцца ў лісце. — Указаныя лесапасадкі, улічваючы малапавярховасць нашых дамоў, ствараюць унікальную дабратворную атмасферу для жыхароў, а ўлічваючы, што дамы размешчаны ў нізіне, дзе можа запасіцца вуглякіслы газ, наяўнасць зялёнай расліннасці тым больш неабходна. Абгрунтаванасць будаўніцтва двух 19-павярховых дамоў у санітарнай зоне дзіцячай інфекцыйнай бальніцы з відам на морг, размешчаны на тэрыторыі бальніцы, таксама выклікае сумневы. 19-павярховыя дамы будуць нявечыць існуючую малапавярховую забудову».
Жыхары патрабуюць прыпыніць будаўніцтва дамоў, правесці грамадскае абмеркаванне і праверыць будоўлю на прадмет законнасці. Высечка дрэў пачалася яшчэ на мінулым тыдні, але мінчане, якіх яна ўсхвалявала, заўважылі яе не адразу.
— 5 гадоў таму, калі мы куплялі таунхаусы на вуліцы Адзінцова і кватэры ў завулку Адзінцова, 5, нас запэўнівалі, што ніякай жылой забудовы там не будзе, бо па генплане там праходзіць гарадскі калектар і санітарная зона дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. А цяпер высвятляецца, што там улепяць два 19-павярховых слупкі. Як так? — абураны Андрэй, мясцовы жыхар. — Калі і было грамадскае абмеркаванне, то яго правялі без апавяшчэння жыхароў. Я ўчора подпісы збіраў па кватэрах, людзі ў шоку: «Як? Што?» Ніхто нічога не ведае.
Сітуацыю пракаментаваў Юрый Жаркоў, кіраўнік партнёр групы кампаній ViVa Invest і афіцыйны прадстаўнік забудоўшчыка ТАА «ЗаславльСтройИнвест», які будзе ўзводзіць панэльныя 19-павярхоўкі на месцы дрэў, якія падлягаюць высечцы:
— Сапраўды, нам трэба будзе высекчы 186 дрэў на месцы, дзе запланавана будаўніцтва двух 19-павярховых дамоў. Цяпер на ўчастку знаходзіцца 248 дрэў, яшчэ нейкая колькасць хмызнякоў. Згодна з нашым таксацыённым планам, выдаленню падлягаюць 186 дрэў. З іх 7 дрэў будуць перасаджаны, 26 будуць пасаджаны нанова на гэтай жа тэрыторыі. Астатнія дрэвы будуць з гэтай пляцоўкі выдаленыя. Пры гэтым згодна з праектам на нас накладваецца абавязацельства ўнесці кампенсацыйныя выплаты «Зелянбуду» раёна, які за гэтыя грошы высаджвае яшчэ 636 дрэў наўзамен выдаленых на тэрыторыі Фрунзенскага раёна. Дзе з'явяцца дрэвы — вырашае ўлада, як і тое, што гэтыя дрэвы падлягаюць высечцы і на іх месцы павінна быць жылая шматкватэрная забудова.
Гэта вызначана генпланам горада, які праходзіў грамадскае абмеркаванне. У генплане паказана, што на гэтай пляме будзе шматкватэрная жылая забудова. І грамадзяне, якія жывуць побач, мелі магчымасць супраціўляцца высечцы дрэў яшчэ падчас абмеркавання генплана ў 2015 годзе. Тое, што нашы людзі не хочуць хадзіць на грамадскія абмеркаванні генплана і чакаюць, пакуль у іх пад носам пачнуць забіваць палі, — гэта не праблема забудоўшчыка, і закон тут таксама не вінаваты.
Тыя грамадзяне, якія вельмі хацелі ведаць адказы на свае пытанні, звярнуліся афіцыйна ў дзяржаўныя структуры, і ім далі адказ па гэтай будоўлі з усімі спасылкамі і тлумачэннямі заканадаўства. Гэта не наш абавязак.
На гэтай пляцоўцы няма ніякага парку, скверу, лесу. Там буралом, куча смецця, нейкая стыхійная звалка. Гэты гай збірае з усіх ваколіц людзей з ... нядобрай жыццёвай пазіцыяй. Бамжы ходзіць, вогнішча распальваюць, сметнік ладзяць. Вялікі яр робіць гэтую тэрыторыю не вельмі прыдатнай для прагулак. І ад таго, што там вырастуць жылыя дамы з добраўпарадкаванымі дварамі, квартал толькі выйграе.
Паводле onliner.by