На сённяшнім саміце ў Мінску ліквідуюць ЕўрАзЭС

Еўразійская эканамічная супольнасць Расіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі і Таджыкістана (ЕўрАзЭС) сёння фармальна спыніць сваё існаванне. Створанае роўна 14 гадоў таму аб’яднанне ліквідуюць на саміце ў Мінску, дзе лідэры гэтых дзяржаў збяруцца для абмеркавання перспектыў далейшай інтэграцыі. 



evrazes.jpg

Як паведаміў журналістам памочнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Юрый Ушакоў, ЕўрАзЭС лiквiдуецца ў сувязі з пачаткам функцыянавання з 1 студзеня 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Сёння кіраўнікі краін падпішуць дагавор аб спыненні працы гэтага аб,яднання. Сакратарыят яшчэ будзе працягваць функцыянаваць да пачатку 2015 года, прыводзіць словы Ушакова "Руская служба навінаў”.

Па словах памочніка прэзідэнта Расіі, значная частка функцый Супольнасці ўжо перададзена Еўразійскаму эканамічнаму саюзу, многія дакументы былі перааформлены.

Прадстаўнік Крамля растлумачыў, што ў тых сферах, якія не падпадаюць пад рэгуляванне ЕАЭС, рэалізацыя раней заключаных міжнародных дамоваў і прынятых мэтавых праграм працягнецца на міждзяржаўным узроўні. Гаворка ідзе пра сацыяльна-гуманітарнае, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, а таксама галіновае узаемадзеянне.

Нагадаем, што Дамову аб ЕАЭС падпісалі і ратыфікавалі Беларусь, Расія і Казахстан. Кіргізія і Таджыкістан, з’яўляючыся чальцамі ЕўрАзЭС, не з’яўляюцца чальцамі ЕАЭС.