Палітыкі ў Дзяржынску сустрэліся з прадпрымальнікамі

Лідары АГП, Партыі БХД і Руху «За Свабоду» наведалі сёння Дзяржынск, дзе правялі сустрэчу з прадпрымальнікамі, а старшыні райвыканкаму перадалі пісьмовы зварот з прапановай правесці круглы стол па праблемах карупцыі.



dziarzynsk.jpg

Фота bchd.info

Асноўная мэта паездкі, па дадзеных арганізатараў, — сустрэчы з людзьмі, вывучэнне іх настрояў, заклік яднацца для змагання за свае правы. Акрамя таго, палітыкі праінфармавалі пра акцыю ў падтрымку прадпрымальнікаў 18 студзеня. У межах антыкарупцыйнай платформы, якую падтрымалі 11 арганізацыяў і партыяў, прапанавалі кіраўніцтву раёна на яго тэрыторыі правесці круглы стол па праблеме хабараўніцтва.

«Мы працягваем турнэ па Беларусі, праводзячы лятучыя пікеты салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, — распавёў сайту Pyx.by старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Па ягоных словах, на рынку ў Дзяржынску зараз праз страйк «працуе невялікая колькасць людзей», і яны «вельмі пазітыўна рэагуюць на інфармацыю». «Мы размаўлялі з імі на адной мове», — падкрэсліў старшыня АГП.

Ён лічыць рэгіянальныя паездкі і размовы з людзьмі правільнай стратэгіяй.

«Пад час рэгіянальных паездак мы бачым, што колькасць людзей, незадаволеных дзеяннямі ўладаў расце, — сказаў сайту Pyx.by першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч – Людзі чакаюць альтэрнатыву, але пры гэтым у іх досыць вялікі песімізм, яны не вераць, у тое, што нешта зменіцца».

Па ягоных словах, яны сутыкнуліся з прадстаўнікамі адміністрацыі рынка, «якія былі незадаволеныя нашымі дзеяннямі». «Адміністрацыя рынку не разумее, што адбываецца. Калі 70-80% прадпрымальнікаў сыдуць адтуль, страцяць працу і яны», — адзначыў Губарэвіч.

З большага людзі салідарныя з прадпрымальнікамі, бо іх праблемы ўдараць па ўсіх жыхарах малых гарадоў, дадаў ён. «Адныя не атрымаюць якаснага і таннага адзення, мясцовыя бюджэты не атрымаюць даходу, а рынак працы будзе перанасычаны. Падобнымі рашэннямі беларускія ўлады правакуюць сацыяльную напружанасць», — падкрэсліў першы намеснік старшыні Руху.

Правацэнтрысты прапанавалі правесці круглы стол супраць карупцыі

«Мы падалі ў райвыканкам зварот з прапановай правесці круглы стол па барацьбе з карупцыяй, — распавёў сайту Pyx.by сустаршыня аргкамітэту па ўтварэнню Партыі БХД Віталь Рымашэўскі. — Мы працуем над тым, каб чыноўнікі чулі, чаго людзі хочуць і патрабуюць, абараняем правы, дапамагаем вырашаць праблемы. Гэта задача правацэнтрыстаў».

Па ягонаму меркаванню, старшыня дзяржынскага райвыканкаму Мікалай Арцюшкевіч – вельмі адкрыты і шчыры чалавек, але пры гэтым «савецкую сістэму бачыць за ідэал, ставіцца да прадпрымальнікаў як да спекулянтаў, у прыярытэце для яго вырашаць за чалавека, а не прадстаўляць права абіраць».

«Для галоўнага дзяржынскага вертыкальшчыка прадпрымальнікі – гэта спекулянты, для нас матор эканомікі. Для яго карупцыі ў Беларусі няма ці амаль няма, па нашай версіі ёсць», — патлумачыў разыходжанні Лябедзька.

Абыякавасцю да праблемаў простых людзей назваў такое стаўленне Губарэвіч.

pyx.by