У цэнтры Мінска прайшла несанкцыянаваная акцыя "Я — ІП" (фотарэпартаж)
У панядзелак у цэнтры Мінска прайшла несанкцыянаваная акцыя салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі "Я — ІП".
Да Чырвонага касцёла прыйшлі каля 30 чалавек — індывідуальныя прадпрымальнікі і апазіцыянеры (пераважна сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі). Прыйшоў і лідар АГПАнатоль Лябедзька. Плошча Незалежнасці была ачэпленая міліцыяй.
Некаторыя з прысутных трымалі ў руках паперкі са словамі "Я — ІП".
На акцыі выступілі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня аргкамітэта па стварэнні прафсаюза „Разам” з Віцебску Ірына Яськевіч, прадпрымальнікі Алесь Макаеў, Віталь Стаўровіч. На выступоўцаў міліцыянты склалі пратаколы за парушэнне правілаў правядзення масавых акцый.
Анатоль Лябедзька заявіў пра салідарнасць з прадпрымальнікамі, якія, як і усе грамадзяне, маюць права на пратэст, калі парушаюцца іх правы. Паводле слоў палітыка, дзяржава паставіла перад бізнесоўцамі невыканальныя ўмовы па сертыфікацыі, паколькі 70% тавараў на расійскіх аптовых базах, дзе закупаюцца прадпрымальнікі — кантрафакт і шэры рынак. Мясцовыя чыноўнікі дэманструюць грэблівае стаўленне да прадпрымальнікам, а між тым, як адзначыў Лябедзька, да 40% паступленняў у некаторыя мясцовыя бюджэты — грошы індывідуальных прадпрымальнікаў. Таму трэба прымусіць улады паважаць дробны бізнес і лічыцца з імі.
Пратаколы таксама складзены на Ніну Багінскую, якая ўзняла бел-чырвона-белы сцяг і Артура Адамяна, які трымаў плакат.
Прадстаўнікі АГП на чале са старшынём партыі Анатолем Лябедзькам і прадпрымальнікі перадалі у Савет міністраў шэраг прапаноў па развіццю малога і сярэдняга бізнесу.
Як вядома, з 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі павінны прадаваць тавары з сертыфікатамі. Пры іх адсутнасці іх чакаюць штрафы. З-за гэтага значная частка прадпрымальнікаў спыніла працу.