Разам з анархістамі затрымалі і звычайных пасажыраў тралейбуса
Пасля ўчорашняга «Марша недармаедаў» у Мінску анархістаў сілай затрымалі ў грамадскім транспарце. Разам з імі ў РУУС патрапілі як мінімум тры звычайных пасажыра.
Як стала вядома праваабаронцам, сярод затрыманых пасля «Марша недармаедаў», якіх даставілі ў Цэнтральнае РУУС, апынуліся трое звычайных пасажыраў тралейбуса, з якога выцягнулі анархістаў: дзве жанчыны і адзін мужчына.
— Мне тэлефанавала мама адной з затрыманых. Яе дачка ехала ў тралейбусе, уступілася за тых, каго затрымлівалі, і яе затрымалі разам з імі. Сама яна ўдзел у акцыі не прымала, — распавяла праваабаронца Наста Лойка. — Яна сказала, што разам з ёй з РУУС выпусцілі двух, такіх жа, як яна, звычайных пасажыраў. Пратаколы на іх не складалі.
Акрамя Цэнтральнага РУУС, затрыманых учора адвозілі ў Першамайскі РУУС. Ці былі там людзі, затрыманыя выпадкова, ПЦ «Вясна» невядома.
Пасля «Марша недармаедаў» ў Мінску 15 сакавіка ўвечары невядомыя людзі на плошчы Бангалор сілай спрабавалі забраць удзельнікаў акцыі. Па сведчаннях відавочцаў, мэтай былі прадстаўнікі анархісцкага руху. Спачатку іх «адбілі» мінакі, і яны з'ехалі на тралейбусе. Але неўзабаве на праспекце Машэрава ўнутр салона ўварваліся ўсё тыя ж невядомыя — і правялі «зачыстку» з выкарыстаннем слёзацечнага газу. Ад газу пацярпелі і звычайныя пасажыры, яны таксама здымалі відэа.
Каля дзясятка хлопцаў і пару дзяўчат павезлі на мікрааўтобусах без якіх-небудзь апазнавальных знакаў. Адзін са зніклых пазней паведаміў, што яго разам з іншымі прывезлі ў Цэнтральнае РУУС Мінска. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яшчэ некалькіх даставілі ў Першамайскі РУУС — а ўсяго па горадзе як мінімум 16 чалавек.
На маршы анархісты хавалі свае асобы маскамі, але міліцыя патрабавала ад іх адкрыць твар альбо пакінуць месца. Анархісты ўсё ж засталіся, дзе падтрымлівалі выступоўцаў выкрыкамі лозунгаў і барабанамі.Усяго, па дадзеных ПЦ «Вясна», пасля ўчорашняга маршу ў Мінску затрымалі больш як 50 чалавек. 54 чалавекі сёння будуць судзіць у судах Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў. Пры гэтым затрыманых, па словах праваабаронцаў, было больш.
Паводле news.tut.by