Суд над Дзіянай Серадзюк: віна не даказана, справа спынена!
Сёння суд Першамайскага раёна Мінска слухаў адміністрацыйную справу супраць журналісткі сайта Eurobelarus.info Дзіяны Серадзюк. Яе вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ў Курапатах 21 лютага (арт. 23.34 КаАП).
Нягледзячы на тое, што суд быў прызначаны на 9.30 раніцы, запускаць людзей у будынак суда пачалі за лічаныя хвіліны да працэсу, пасля чаго яшчэ некалькі разоў прасілі людзей выйсці і ўвайсці зноў. У сувязі з гэтым не ўсе ахвочыя здолелі патрапіць на працэс, распавядае baj.by.
У першай палове дня ў якасці сведкі ў судзе выступіў зваршчык ААТ “Белрэканструкцыя” Уладзімір Карышын. Ён заявіў, што бачыў журналістку на акцыі ў Курапатах.
— Твар Серадзюк мне знаёмы, яна там прысутнічала, што дакладна рабіла, я ня ведаю. Хадзіла. Ці то сукенцы, ці то ў спадніцы даўгой цёмнага колеру. Пра падзеі 21 лютага мяне апытвалі ў міліцыі 27 чысла. Пратакол апытання прынеслі гатовым, напалову напісаным ад рукі, напалову надрукаваным. Супрацоўнік міліцыі зачытаў пратакол, усё там правільна, я падпісаў, — заявіў суду Уладзімір Карышын.
Пасля гэтага ў судзе абвешчаны перапынак да 14:00.
— Адразу 8 чалавек па адной справе праходзяць, і ва ўсіх абвінавачванні пад капірку: “у складзе групы грамадзян, актыўна пікетавала, замінала будоўлі, выказвала сваё незадавальненне, вешала бчб-сцягі, ламала агароджу і кідалася пад тэхніку, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавала..”, — каментуе справу сама журналістка.
Таксама Дзіяна Серадзюк падкрэсліла, што пратакол ўбачыла толькі ўчора падчас азнаямлення са справай.
А ў пратаколе ўжо было ўказана, што яна адмовілася падпісаць гэты дакумент.
У 17:00 Алена Лашкевіч напісала ў фейсбуку, што віна Дзіяны Серадзюк не даказана, справа спынена.
Адзначым, журналістам цягам апошніх дзён прад’яўляюць абвінавачванні ў парушэнні артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Адпаведныя пратаколы, да прыкладу, былі складзеныя на журналістку-фрылансерку з Гомеля Ларысу Шчыракову. Таксама позву ў Цэнтральны РАУС Гомеля на 15 сакавіка атрымаў старшыня Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Анатоль Гатоўчыц, які быў у Рагачове ад інфармацыйнай кампаніі БелаПАН падчас нядзельнай акцыі пратэсту. Яго выклікаюць у сувязі з адміністрацыйным парушэннем паводле артыкула 23.34 КаАП.