Шведы дапамагалі прадаваць кантрабандную нафту з Беларусі

У продажы расійскай нафты, вывезенай з Беларусі пад фальшывай маркіроўкай, узяла ўдзел шведская гандлёвая фірма.

c8fc1d33_5118_4c4c_89c6_d4359ec66c6d_w1023_r1_s.jpg

Тры журналісты Шведскага радыё — Даніель Эман, Даніель Вэляска і Пэр Шапіра — працягваюць даследаваць дакументы, якія датычаць бязмытнага вывазу расійскай нафты з Беларусі. З гэтымі дакументамі іх пазнаёміў былы афіцэр беларускага КДБ Андрэй Моўчан.
Шведскае радыё апублікавала матэрыял пра нелегальны вываз нафтапрадуктаў з Беларусі, у якім могуць быць замешаны найвышэйшыя службовыя асобы ў Мінску. Матэрыял абапіраецца на дакументы, якія паказаў журналістам уцякач з Беларусі Андрэй Моўчан.
Моўчан сцвярджае, што быў афіцэрам КДБ Беларусі ў 2000–2010 гадах. Схема нелегальнага вывазу нафты была такая: у Беларусі расійская нафта атрымлівала беларускую маркіроўку і ішла ў Эстонію. У Эстоніі нафце вярталі ранейшую маркіроўку і прадавалі яе як расійскі прадукт у Заходняй Еўропе, у Антвэрпене. З дакументаў следства, праведзенага беларускімі мытнікамі і Андрэем Моўчанам, калі ён працаваў у КДБ у Віцебску, вынікае, што схему бязмытнага вывазу расійскай нафты з Беларусі мог прыкрываць віцэ-прэмʼер Беларусі Уладзімір Сямашка.
Шведскія журналісты высьветлілі, што пасярэднікам у продажы кантрабандысцкай нафты з Беларусі была шведская гандлёвая кампанія Gunvor International, якой кіруе ганаровы консул Швецыі ў Жэнэве Турбʼёрн Тэрнквіст.
Gunvor International — адна з найбуйнейшых у свеце кампаніяў, што гандлююць сырой нафтай і нафтапрадуктамі. Яна была заснаваная ў 2000 годзе. СМІ звязвалі хуткі рост кампаніі з незаконным бізнэсам. Але Турбʼёрн Тэрнквіст адмаўляў усе напады журналістаў.
«Мы працуем ва ўмовах поўнай празрыстасці ў канкурэнцыі з іншымі кампаніямі ў Расіі», — цытуе Тэрнквіста Шведскае радыё.
Журналісты адзначаюць, што з дакументаў ясна не вынікае, ці ведалі ў кампаніі Gunvor International, што нафта была вывезеная з Беларусі нелегальна. На думку ж Андрэя Моўчана, якога яны цытуюць, шведская кампанія не магла пра гэта не ведаць.
«Інакш навошта вам быў бы патрэбен пасярэднік?» — рытарычна пытаецца былы кадэбіст.
Моўчан паказаў шведскім журналістам перапіску паміж урадамі Беларусі і Эстоніі.
Паводле svaboda.org