Пракаповіча аштрафавалі на 50, Рымашэўскага на 40 базавых
Суд Ленінскага раёна Менска 17 кастрычніка аштрафаваў сустаршыню
аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя
Рымашэўскага на падставе п. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі пратэсту супраць
фальсіфікацыі выбараў 12 верасня.
Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 20-50
базавых велічынь альбо адміністратыўнага арышту. Падставай для штрафу стала
адно фота адміністратыўных здымак з Кастрычніцкай плошчы і сведчанні двух
міліцыянтаў, што сустаршыня БХД выкрыкваў лозунг “Жыве Беларусь!”. Пры гэтым
яны пацвердзілі, што ніхто з удзельнікаў акцыі не парушаў парадак.
“Такі вырак — гэта ганьба для беларускай судовай сістэмы і для Беларусі як еўрапейскай краіны. Людзей, якія не парушалі грамадскі парадак, якія проста сабраліся на цэнтральнай плошчы, якая ўмяшчае 20 тыс. чалавек, абмяркоўвалі вынікі выбараў і выгуквалі патрыятычныя лозунгі, караюць штрафамі”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
А тым часам ужо вельмі вядомая суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня аштрафавала Менскага абласнога каардынатар БХД Паўла Пракаповіча і актывіста Маладога Фронту Сержука Стрыбульскага за пікет ля амбасады Расеі 8 верасня.
Павел Пракаповіч аштрафаваны паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП на 50 базавых велічынь (1050 рублё), Сяржук Стрыбульскі — паводле ч. 1 арт. 23.34 на 10 базавых (210 рублёў).
У Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня ля амбасады РФ меўся адбыцца пікет "Маладога Фронта". Большасць удзельнікаў акцыі ўключна са Змітром Дашкевічам, Уладзем Яроменкам, Раманам Васільевым, Вольгай Мікалайчык былі прэвентыўна затрыманыя або блакаваныя ў сваіх кватэрах. Не гледзячы на тое, што пляцоўка ля расійскай амбасады была ачэпленая, Сяржук Стрыбульскі і Павел Пракаповіч здолелі даехаць да месца акцыі і правесці кароткі пікет, разгарнуўшы плакат Вольгі Мікалайчык "Акупанты — вон!".
Пасля сканчэння акцыі Сяржук Стрыбульскі з’ехаў да дому на ровары, а людзі ў цывільным пераследавалі Паўла Пракаповіча, пакуль той ехаў у грамадскім транспарце, але затрымаць не вырашыліся дзякуючы журналістам, якія суправаджалі актывіста на працягу ўсяго шляху да метро.
Паводле bchd.info