Праваабаронцы заяўляюць пра поўную залежнасць беларускіх суддзяў і адвакатаў ад улады

Аналіз сітуацыі з правамі чалавека ў розных сферах утрымліваецца ў другой штогадовай маніторыгавай справаздачы прыватнай інфармацыйна-асветнай установы (ПІАУ) "Платформ інавейшн".



advokaty_245.jpg

ПІАУ "Платформ інавейшн" займаецца праблемай выканання правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. Была створана ў снежні 2012 года ўзамен ліквідаванай уладамі праваабарончай арганізацыі "Платформа". Сёлета заснавальнік і кіраўнік "Платформ інавейшн" Андрэй Бандарэнка вядучымі праваабарончымі арганізацыямі Беларусі названы Праваабаронцам года. 
У адрозненне ад першай маніторынгавай справаздачы цяперашняя ўтрымлівае раздзелы, прысвечаныя адвакацкай дзейнасці, дасудоваму пераследу і грамадскаму кантролю за выкананнем правоў зняволеных, паведамляе сайт "Платформ інавейшн" (http://platformarb.com). Дакумент называецца "Выкананне ў Рэспубліцы Беларусь норм міжнароднага і нацыянальнага права ў сферах свабоды ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, дасудовага пераследу, арышту і затрымання, выканання мер крымінальнай адказнасці ў месцах пазбаўлення і абмежавання волі, а таксама грамадскага кантролю за выкананнем правоў зняволеных у 2012—2013 гадах". 
Праваабаронцы, у прыватнасці, падкрэсліваюць адсутнасць незалежнасці адвакатаў і суддзяў у Беларусі пры іх поўнай залежнасці ад органаў выканаўчай улады. 
Каментуючы праблему, Андрэй Бандарэнка адзначыў: "Фактычна закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", які набыў моц 6 красавіка 2012 года, пазбавіў адвакатаў нават прывіднай надзеі на незалежнасць. Сёння адвакаты залежаць ад Міністэрства юстыцыі, якое надзелена правам не толькі выносіць спагнанні і папярэджанні адвакатам, але і практычна поўнасцю рэгуляваць адвакацкую дзейнасць. Калі ўжо Мінюст надзелены правам рэгулявання Правілаў прафесійнай этыкі адваката ў Беларусі, то можна шчыра канстатаваць, што незалежнай адвакатуры ў краіне няма". 
Яшчэ больш праблемнай бачыцца аўтарам справаздачы сітуацыя ў беларускіх судах. "Кандыдатаў на судзейскія пасады прапаноўваюць сумесна міністр юстыцыі і старшыня Вярхоўнага суда. Прызначэнне на пасаду суддзяў ажыццяўляе прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які валодае паўнамоцтвамі і вырашэннем зацвярджаць або адхіляць любога вылучанага кандыдата", — канстатуюць праваабаронцы. 
Асобны раздзел справаздачы прысвечаны грамадскаму кантролю за выкананнем правоў зняволеных, а менавіта — дзейнасці грамадскіх наглядальных камісій пры Міністэрстве юстыцыі. Вялікая ўвага ў дакуменце нададзена таксама фактам катаванняў і жорсткага абыходжання з грамадзянамі ў раённых аддзелах унутраных спраў. 
Усе звесткі, якія ўвайшлі ў цяперашнюю справаздачу, базуюцца на інфармацыі, сабранай ПІАУ "Платформ інавейшн" у 2013 годзе, адзначае сайт арганізацыі. 
Маніторынгавая справаздача ўжо была прэзентаваная прадстаўнікамі дыпламатычных місій замежных дзяржаў, паведамляе http://platformarb.com.
БелаПАН