Прысутнасць на тэрыторыі Беларусі РПЦ — пагроза суверэнітэту, — Уладзімер Мацкевіч

Філосаф і метадолаг Уладзімер Мацкевіч каментуе заяву мітрапаліта Паўла супраць патрэбы нацыянальнай царквы для беларусаў.

3220a841_d20c_40b8_9563_b4b37f512bcc_w987_r1_s.jpg


Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату) Мітрапаліт Павел выказаўся супраць нацыянальнай беларускай царквы: ён параўнаў ідэю нацыянальнай царквы са спакусай Евы д’яблам і заявіў, што пад лозунгамі свабоды і незалежнасці прыхільнікі аўтакефаліі «спрабуюць навязаць новую ідэю, якая не аб’ядноўвае людзей, а раз’ядноўвае».

Філосаф Уладзімер Мацкевіч у каментары “Радыё Свабода” разважае аб «сімфоніі» праваслаўнай царквы з дзяржаваю і аб пагрозе незалежнасці Беларусі ад таго, што сімфонія гучыць з Расіяй:

«Калі ёсць нацыянальная дзяржава, павінна быць аўтакефальная праваслаўная царква. Бо старая праваслаўная традыцыя сімфоніі дзяржавы і царквы, яшчэ візантыйскі прынцып сімфоніі, прадугледжвае менавіта вельмі шчыльнае ўзаемадзеянне царквы і дзяржавы.

А паколькі сёння нашая праваслаўная царква мае сімфонію з расійскай дзяржавай, то, адпаведна, выказванні і ўчынкі іерархаў Беларускай праваслаўнай царквы, падпарадкаваных патрыярху Расійскай праваслаўнай царквы, сугучныя маскоўскай дзяржаве. Так што прысутнасць на тэрыторыі Беларусі Расійскай праваслаўнай царквы ёсць пагрозай нашаму дзяржаўнаму суверэнітэту.

Сёння таго ранейшага ўзаемадзеяння царквы і дзяржавы няма, але праваслаўная царква не можа існаваць у цалкам секулярным, адасобленым выглядзе. Мы бачым, што Беларуская праваслаўная царква знаходзіцца ў зусім іншым стане, чым іншыя канфесіі: каталіцкая, пратэстанцкія... Ёсць юрыдычнае аддзяленне царквы ад дзяржавы, а ёсць фактычная прысутнасць царквы ў дзяржаўных дзеяннях і ідэалогіі ў большай ступені, чым гэта было б варта.

І справа не толькі ў аддзяленні царквы ад дзяржавы, а яшчэ і роўнасці правоў канфесіяў і свабоды веравызнання. Адзяржаўленне царквы ці занадта вялікая прысутнасць царквы ў дзяржаве пазбаўляе чалавека свабоды, парушае свабоду веравызнання. Што і адбываецца. А праявамі гэтага могуць быць і ваенізаваныя праваслаўныя лягеры, і крыжовыя хады з харугвамі з нагоды палітычных падзеяў, і далучэнне палітычных асобаў да ліку «святых», як гэта адбываецца з Мікалаем ІІ, а то і са Сталіным.

Калі царква адзіная для Расіі і Беларусі, яна можа быць у сімфоніі толькі з Масквой. А паколькі мы хочам быць суверэннай, незалежнай дзяржавай, нам патрэбная аўтакефальная, незалежная ад Масквы праваслаўная царква. Мне цяжка сказаць, ці ёсць на гэта рэсурсы, рознае чуў. Ведаю, што ёсць і плыні, і святары, і вернікі, якія падтрымалі б гэтую ідэю. Але яе трэба тлумачыць, бо гэта палітычная праблема, а не толькі праблема самой царквы.

У кожнай незалежнай дзяржаве, дзе ёсць праваслаўе, ёсць незалежная аўтакефальная праваслаўная царква: албанская, балгарская, грэчаская, польская, румынская, цяпер і ўкраінская з’яўляецца... Патрэбная і беларуская".

www.svaboda.org