Расія можа пачаць расследаванне ў сувязі з экспартам Беларуссю бітуму
Расійскі бок плануе правесці комплексны аналіз экспарту бітумных сумесяў з Беларусі. Паводле інфармацыі БелаПАН, разглядаецца пытанне аб стварэнні міжведамаснай рабочай групы пры ўдзеле Федэральнай мытнай службы РФ, якая зоймецца гэтым пытаннем.

Мяркуецца, што высновы, якія будуць падрыхтаваныя паводле вынікаў расследавання, міжведамасная група падасць у расійскі і беларускі ўрады.
Паводле наяўных звестак, расійскі бок мае намер прасіць беларускіх партнёраў даць рабочай групе доступ да інфармацыі, якая адносіцца да экспарту бітумных сумесяў з Беларусі. Не выключана таксама, што
міжведамасная група можа наведаць беларускую вытворчасць бітумных сумесяў.
Правесці комплексны аналіз экспарту беларускіх бітумных сумесяў Расія плануе ў мэтах спынення паўтору схемы з гэтак званымі растваральнікамі, якую Мінск выкарыстоўваў у 2012 годзе. Расіяне
падазраюць, што пад прыкрыццём бітумных сумесяў беларускія пастаўшчыкі могуць экспартаваць нафтапрадукты і такім чынам не выплачваць вывазныя пошліны ў расійскі бюджэт.
У Маскве звяртаюць увагу на тое, што рост экспарту беларускіх бітумных сумесяў у 2014 годзе прыкладна роўны паніжанаму аб'ёму вывезеных з рэспублікі нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх за межы
Мытнага саюза Беларусь павінна пералічваць вывазныя пошліны ў расійскі бюджэт.
Так, за студзень—жнівень гэтага года экспарт беларускіх бітумных сумесяў у фізічным выражэнні вырас на 658,3 тыс. тон, а экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у гэты ж перыяд знізіўся на 612,3
тыс. тон.
Рэзкі рост экспарту беларускіх растваральнікаў два гады таму стаў падставай для таго, каб Расія западозрыла Беларусь у экспарце паліва пад відам растваральнікаў з мэтай пазбегнуць выплаты вывазных
пошлін на нафтапрадукты ў расійскі бюджэт. Абмеркаванне гэтага пытання тады дайшло да ўзроўню прэм'ер-міністраў і прэзідэнтаў дзвюх краін. У выніку ў верасні 2012 года кіраўнік беларускага
ўрада Міхаіл Мясніковіч заявіў пра спыненне экспарту растваральнікаў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН