Румас назваў неабходную ўмову дынамічнага развіцця краіны

Партнёрства дзяржавы і бізнэсу ў сферы інавацый з'яўляецца неабходнай умовай дынамічнага развіцця краіны. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас у панядзелак на адкрыцці Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва, піша Наша Ніва са спасылкай на БелТА.

img_3334_3hq2z.jpg

Кіраўнік урада адзначыў, што ў гэтым годзе ключавой тэмай форуму стане тэма інавацый. «Эфектыўнае партнёрства дзяржавы і бізнесу ў гэтай сферы — неабходная ўмова дынамічнага развіцця нашай краіны», — лічыць ён.
«Беларусь разам з іншымі краінамі ўступае ў постіндустрыяльную інфармацыйную эру. Сёння тавары і паслугі навукаёмістых вытворчасцей, перадавая тэхніка і тэхналогіі літаральна пранізваюць усе бакі жыццядзейнасці людзей. Лічбавізацыя стала фактарам канкурэнтаздольнасці практычна ва ўсіх галінах эканомікі і сферы дзяржаўнага кіравання», — адзначыў прэм'ер-міністр.
Ён дадаў, што ў Беларусі ёсць пэўныя дасягненні на гэтым шляху: дзяржава ўваходзіць у першую дзясятку краін свету па такіх паказчыках глабальнага інавацыйнага індэкса, як распрацоўка мабільных дадаткаў, вынаходкі і карысныя мадэлі, вышэйшая адукацыя, і ў першую дваццатку — па экспарце IT-паслуг.
«Ёсць паспяховы прыклад узаемадзеяння дзяржавы і бізнэсу — гэта Парк высокіх тэхналогій, — адзначыў Сяргей Румас. — За апошнія два гады ўклад ПВТ у валавы ўнутраны прадукт, у экспарт практычна падвоіўся».
Многае, паводле слоў прэм'ера, робіцца дзяржавай для развіцця партнёрскіх адносін з бізнэсам. «Мы выйшлі на новы ўзровень грамадскага абмеркавання рэгулятарных ініцыятыў дзяржаўных органаў кіравання, пачалася распрацоўка законапраекта аб самарэгулюемых арганізацыях, — адзначыў кіраўнік урада. — Гэты праект прадоўжыць курс на ліквідацыю залішніх адміністрацыйных бар'ераў у дзейнасці бізнэсу».
Шмат увагі ў Беларусі надаецца ўдасканаленню фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва. Урад ва ўзаемадзеянні з банкамі прапрацоўвае напрамкі па спрашчэнні доступу да фінансавых рэсурсаў, пашыраецца лінейка прадуктаў, што прапануюцца банкаўскай сістэмай для прадпрымальнікаў для пачатку і развіцця бізнесу. Гэтымі днямі быў падпісаны ўказ нумар 412 «Аб падтрымцы экспарту».
Урад актыўна падтрымлівае развіццё інавацыйнай дзейнасці. У 2020 годзе расходы бюджэту на гэтыя мэты будуць павялічаны на 16 працэнтаў.
«Мы стараемся рабіць усё, каб бізнэс адчуваў, што яго смелыя і інавацыйныя рашэнні дзяржавай падтрымліваюцца», — падкрэсліў прэм'ер.