Санкцыі ЕС знятыя з Ганны Шадрынай, «Аквадзіва» і «Спорт-Пары»

29 мая Рада Еўрасаюза скараціла на аднаго чалавека спіс неўзязных беларускіх чыноўнікаў.



citizen.jpg

«Зняты ўсе абмежавальныя меры» ў адносінах да былой намесніцы рэдактара газеты «СБ. Беларусь сегодня» Ганны Шадрыной, паведамляе Еўрарадыё.

На момант складання «чорнага спісу Еўрасаюза» Ганна Шадрына ўжо не працавала ў прэзідэнцкай газеце, адкуль сышла паводле ўласнага жадання. У выданні яна ўзначальвала аддзел культуры і лістоў.

Вядома, што ў 2011 годзе яна мела перапіску са структурамі Еўрасаюза, бо была не згодная з фармулёўкамі, праз якія яна апынулася ў спісах. Тады ліставанне было завершанае нічым.

У тым жа афіцыйным выданні Еўрасаюза паведамляецца, што зняты абмежаванні з дзвюх беларускіх кампаній — спіртагарэлкавага завода «Аквадзіў» (прадпрыемства падпала пад санкцыі 23 сакавіка 2012 года) і «Спорт-пары» (у чэрвені 2011 года). Абедзве кампаніі былі ўнесены ў спіс як прадпрыемствы, падкантрольныя бізнесмену Уладзіміру Пефціеву.

Варта адзначыць, што на мінулым тыдні Дзярждэпартамэнт ЗША прыняў рашэнне спыніць дзеянне санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў «Белтэхэкспарт» і «БелОМА».

Палітычнае рашэнне аб візавых і эканамічных санкцыях у дачыненні да Беларусі было прынята Радай ЕС 31 студзеня 2011 года ў Бруселі, калі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года.

Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза павінны быць замарожаны. Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля Рада ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік, і цяпер ўезд у Еўрасаюз забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам, дадае БелаПАН.

Еўрарадыё