Сёння ў Маскве прадстаўнікі Беларусі ды Расіі абмяркуюць узаемнае прызнанне візаў

Пра сустрэчу экспертаў з Беларусі і Расіі ў канцы кастрычніка распавёў амбасадар РФ у Мінску Аляксандр Сурыкаў.

Фота: Дзяржаўны памежны камітэт

Фота: Дзяржаўны памежны камітэт

Дыпламат заявіў, што пасля сённяшняй сустрэчы тэма будзе абмяркоўвацца 13-14 лістапада ў Маскве міністрамі замежных спраў Расіі і Беларусі Сяргеем Лаўровым і Уладзімірам Макеем, а таксама на сумеснай калегіі вонкавапалітычных ведамстваў, перадае ТАСС.
Як адзначыў Сурыкаў, не выключана, што дамоўленасць аб узаемным прызнанні візаў можа быць заключаная ўжо сёлета.
«Я разлічваю, што пры належнай палітычнай увазе дакумент можа быць падпісаны ўжо ў гэтым годзе», – паведаміў амбасадар. Паводле яго, экспертам «трэба ліквідаваць тыя хібы, што засталіся». Як канстатаваў дыпламат, праца ў гэтым кірунку дазваляе спадзявацца, што дзве краіны не дойдуць да ўстанаўлення памежных пастоў на беларуска-расійскай мяжы.
«Гэта здымае пагрозу ўзвядзення пастоў», – дадаў ён.
Раней старшыня Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Камісіі Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы па пытаннях вонкавай палітыкі Сяргей Рахманаў заявіў, што Пагадненне аб узаемным прызнанні візаў у Саюзнай дзяржаве можа быць падпісанае да канца 2017 года.
Паводле belsat.eu