За падпал помніка Ельцыну ў Расіі затрымалі беларускага «нацбола», які ваяваў на Данбасе
У расійскім Екацярынбурзе 7 лістапада аблілі бэнзінам і падпалілі помнік першаму прэзідэнту Расіі Барысу Ельцыну, паведамляе Радыё Свабода.
Як паведамляе незарэгістраваная партыя «Другая Россия», за падпал быў затрыманы 30-гадовы актывіст Нацыянал-бальшавісцкай партыі Ігар Шчука родам з беларускага Салігорску.
Паводле «Інтэрфаксу», Ігара Шчуку збіраюцца судзіць за «вандалізм» — яму пагражае да трох год абмежавання ці пазбаўлення волі, цяпер ён знаходзіцца пад вартай.
Ваяваў на Данбасе
Раней у Беларусі супраць Шчукі распачалі крымінальную справу за ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы — ён ваяваў на Данбасе на баку прарасійскіх баевікоў. Пра свой удзел у ваенных дзеяннях ён распавядаў і называў сябе «палявым камандзірам». «Другая Россия» сцвярджае, што Шчука на Данбасе займаўся «гуманітарнай дапамогай» і «журналісцкай дзейнасцю».
Пазбег службы ў войску
Некалькі гадоў таму Шчуку, якога не раз затрымлівалі ў Расіі за ўдзел у акцыях нацыянал-бальшавіцкай партыі, спрабавалі прымусова забраць у беларускае войска. Тады ён падаваў гэта як сумесную аперацыю беларускіх і расійскіх спецслужбаў з мэтай ізаляваць яго ад палітычнай дзейнасці. Урэшце ў яго знайшлі гепатыт і камісавалі.
Збіраўся адмовіцца ад беларускага грамадзянства
Шчука раней казаў, што збіраецца адмовіцца ад беларускага грамадзянства, але ці зрабіў ён гэта, невядома.
Маці Ігара Жана Міхайлаўна кажа, што сын з ёй даўно не размаўляў, таму пра грамадзянства яна не ведае, але кажа, што ён, верагодна, яшчэ меў беларускую прапіску. Адвакатка Шчукі на тэлефанаванні не адказвае.
Паводле svaboda.org