У падпале помніка Барысу Ельцыну падазраюць беларуса
Сёння ў Екацярынбургу (Расія), гарэў помнік былому прэзідэнту РФ Барысу Ельцыну. За падпал помніку быў затрыманы Ігар Шчука, былы жыхар Салігорску, які ездзіў на Данбас.
Каля Ельцын-цэнтра 7 лістапада помнік Барысу Ельцыну аблілі бензінам і падпалілі. Паводле інфармацыі ў Twitter-акаунта партыі «Другая Россия», затрымалі і падазраюць у падпале беларуса Ігара Шчуку.
Яму пагражае крымінальны артыкул за вандалізм.
Ігар Шчука — нацбол з Салігорску. Увесну 2015 года ён з’ехаў у Крым, а потым на Данбас, дзе асвятляў падзеі ў якасці блогера, як паведамляла партыя «Другая Россия». Па іх словах, Ігар Шчука не зʼяўляўся расійскім наймітам.
Хлопец быў удзельнікам шэрагу акцыяў пратэсту пад сцягамі нацболаў. Неаднаразова падпадаў пад пераслед з боку ўладаў Расіі ды Беларусі. Непрацяглы час пісаў блог на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы».