Старшыню БНФ зноў будуць судзіць 28 красавіка

Новай ганебнай практыкай назваў Аляксей Янукевіч замену арыштаў за ўдзел у пратэстных акцыях на масавыя штрафы.

pozva__1_.jpg


 

У судзе Савецкага раёна Мінска 28 красавіка а 10-й гадзіне будзе разгледжаны пратакол, складзены на старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча за ўдзел у святкаванні 25 сакавіка. Пра гэта палітык даведаўся з позвы, якую атрымаў у мінулую суботу.

 

Згодна з позвай, лідару Партыі БНФ інкрымінуюць парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна на працягу года пасля накладання адміністратыўнага спагнання за такія ж парушэнні (ч. 3 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях). Палітыку пагражае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь альбо адміністратыўны арышт.

 

Падставай для складання пратакола стаў удзел Аляксея Янукевіча ў дазволеным масавым мерапрыемстве на Дзень Волі. Варта адзначыць, што Мінгарвыканкам тады выкрэсліў старшыню Партыі БНФ са спісу арганізатараў санкцыянаванай дэманстрацыі 25 сакавіка з прычыны таго, што за ім меліся цягам года спагнанні за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (у сувязі з пікетамі супраць размяшчэння ў Беларусі расейскіх вайсковых базаў).

 

Аляксей Янукевіч заяўляе, што не прызнае сваёй віны ў здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння:

 

"Зараз улады вымушаныя адмовіцца ад адміністратыўных арыштаў — але пры гэтым яны ўсё шырэй выкарыстоўваюць штрафы. Новая ганебная практыка — складанне пратаколаў "па спісу" ў дачыненні да палітыкаў і грамадскіх актывістаў незалежна ад таго, ці была санкцыянаваная акцыя, у якой яны бралі ўдзел. Відавочна, што такім чынам улады імкнуцца збіць грамадскія пратэсты, задушыўшы іх штрафамі. Але я не выключаю, што неўзабаве карныя органы могуць вярнуцца і да практыкі адміністратыўных арыштаў", — сказаў Аляксей Янукевіч.

 

Вядома, што таксама 28 красавіка а 17-й гадзіне ў судзе Савецкага раёна адбудзецца і суд над намеснікам старшыні Руху "За Свабоду" Алесем Лагвінцом, які таксама прыцягнуты да адказнасці за арганізацыю санкцыянаванай акцыі на Дзень Волі. За аналагічнае парушэнне складзены пратакол і на намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, дата суда па якім яшчэ пакуль невядомая.

 

У гэты ж дзень, 28 красавіка, у судзе Слонімскага раёна адбудзецца суд над старшынёй Слонімскай суполкі БНФ Паўлам Севасцянам, які прыцягнуты да адказнасці за пікет салідарнасці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанка.

 

Паводле базы дадзеных Праваабарончага цэнтру "Вясна", за гэты год да адміністратыўнай адказнасці па палітычных матывах прыцягнута ўжо больш за сто чалавек. Гэта значна перавышае паказчыкі мінулага года: для параўнання, ад 1 студзеня 2015 года па 25 красавіка 2015 года праваабаронцы зафіксавалі толькі 28 выпадкаў палітычна матываванага адміністратыўнага пераследу.  


Паводле прэс-службы ПБНФ