«Суды пачнуць выносіць смяротныя прысуды» — аналітык пра вынікі Віленскай канферэнцыі

У сваім блогу Валеры Карбалевіч разважае аб тым, якім чынам радыкалізацыя беларускай дэмакратычнай апазіцыі можа адбіцца на працэсах у Беларусі.

Валеры Карбалевіч

Валеры Карбалевіч

Аналітык зазначыў: «Адным з адметных вынікаў канфэрэнцыі ў Вільні стала перамога радыкальнай плыні ў палітызаванай частцы апазыцыйнага электарату. Падчас дыскусій гучалі ваяўнічыя заклікі, гаварылі нават пра пагрозу грамадзянскай вайны.
Вялікай папулярнасьцю карысталася ідэя сілавога зрынаньня кіроўнага рэжыму ў Беларусі.
Сьцісла:
Стаўка на сілу стала сёньня дамінантным трэндам у апазыцыйным асяродзьдзі;Мірныя спосабы палітычнай барацьбы ў краіне не працуюць, і іх проста немагчыма прымяніць;У акцэньце на сілавыя спосабы барацьбы ёсьць і нэгатыўны бок;Мілітарысцкая рыторыка адпудзіць ад апазыцыі значную частку публікі, якая раней ёй спачувала. Народ баіцца грамадзянскай вайны;Стаўка на сілу робіць няёмкім становішча заходніх партнэраў.
Адказам на гэты запыт палітызаванай грамадзкасьці стала зьяўленьне ў Аб’яднаным пераходным кабінэце, створаным Сьвятланай Ціханоўскай, двух сілавікоў (з чатырох чальцоў). Асабліва вялікі рэзананс выклікала прызначэньне адказным за абарону былога вайскоўца, падпалкоўніка Валера Сахашчыка, які набраў у апошні час папулярнасьць.
Відавочна, што стаўка на сілу стала сёньня дамінантным трэндам у апазыцыйным асяродзьдзі. І прычына гэтай зьявы зразумелая.
Мірныя спосабы ўплыву на зьмены ў краіне не працуюць, і іх проста немагчыма прымяніць. Усе легальныя мэханізмы палітычнай барацьбы зьліквідавалі. Улады проста не пакідаюць грамадзтву іншых варыянтаў.
Таксама гэта рэакцыя на масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія не спыняюцца, а набываюць новыя рысы. Адчай, несправядлівасьць, бясьсільле перад беззаконьнем зусім натуральна спараджаюць прагу помсты. І гэтая жорсткасьць нарастае з абодвух палітычных флянгаў. Такое прадчуваньне грамадзянскай вайны.
Прычым культ сілавога сцэнару арыентаваны ня толькі ў будучыню, але і ў мінуўшчыну, у 2020 год. У сацыяльных сетках стала папулярнай выснова, што, маўляў, тактыка мірнага пратэсту была памылкай.

cihanouskaja_4.jpg


Яшчэ адна прычына такіх настрояў палягае ў тым, што ў 2020 годзе ў палітычнае жыцьцё ўступіла значная частка людзей, якія раней палітыкай не цікавіліся. Яны дрэнна разумеюць прыроду палітычных працэсаў і лёгка вядуцца на сцэнары простых рашэньняў складаных праблемаў. Такім простым рашэньнем ім падаецца сілавое зрынаньне рэжыму Лукашэнкі.
Нарэшце, вайна ва Ўкраіне падвысіла попыт на сілавыя спосабы барацьбы. А зьяўленьне ва ўкраінскіх ўзброеных сілах падразьдзяленьняў беларускіх добраахвотнікаў увогуле выклікала эўфарыю ў палітызаванай часткі апазыцыйнага электарату.
Энтузіязм прыхільнікаў сілавога сцэнару трохі зьдзіўляе. Маўляў, вось, нарэшце знайшлі чароўную палачку, панацэю — і рэжым будзе зрынуты.
Паколькі будучыня нікому не вядомая, то нельга выключаць ніводнага варыянту. Усё магчыма. Аднак у гэтым відавочным акцэньце на сілавыя спосабы барацьбы ёсьць і нэгатыўны бок.
Па-першае, гэта ўтапічнасьць самой ідэі сілавога зрынаньня ўлады Лукашэнкі ў сучасных беларускіх варунках. У палітыцы няма нічога больш небясьпечнага, чым ілюзіі. Размовы аб стварэньні нейкага беларускага войска за межамі краіны — гэта несур’ёзна.

Валеры Сахашчык

Валеры Сахашчык

Па-другое, мілітарысцкая рыторыка адпудзіць ад апазыцыі значную частку публікі, якая раней ёй спачувала. Народ баіцца грамадзянскай вайны, гэта натуральны інстынкт самазахаваньня. І, выбіраючы паміж грамадзянскай вайной і рэжымам Лукашэнкі, бальшыня беларусаў, пэўна, выбера лукашэнкаўскую дыктатуру.
Па-трэцяе, такія размовы дапамагаюць уладзе разьвянчаць ідэю мірнага пратэсту. Галоўны ўпор дзяржаўнай прапаганды цягам двух гадоў робіцца на тым, што ў 2020 годзе была спроба гвалтоўнага мецяжу. Па БТ увесь час паказваюць карцінкі нейкіх эпізодаў сілавога сутыкненьня дэманстрантаў з АМАПам, падрабязна асьвятляюць судовыя працэсы, на якіх людзей абвінавачваюць у гвалце («тэрарыстычная група Аўтуховіча», «змова» Зянковіча, Фядуты і інш.). А тут і выдумляць нічога ня трэба: бяры і паказвай фрагмэнты Віленскай канфэрэнцыі з развагамі пра грамадзянскую вайну, гвалтоўнае зрынаньне рэжыму. Гэта ўзмоцніць жорсткасьць рэпрэсій, суды пачнуць выносіць сьмяротныя прысуды.
Па-чацьвёртае, стаўка на сілу робіць няёмкім становішча заходніх партнэраў. Адна справа — дапамагаць імкненьню беларускага народу да свабоды ў рамках дэмакратычных мэханізмаў, і зусім іншая — падтрымліваць сілавы варыянт прыходу апазыцыі да ўлады. Гэта дрэнна спалучаецца з эўрапейскімі каштоўнасьцямі і ўяўленьнямі аб дэмакратыі».