«Вельмі важна, што ў супрацьстаяньні з фашыстамі ў 2020 годзе спадар Валер Сахашчык быў на баку народа»
Журналіст і былы дэпутат Сяргей Навумчык расказаў пра сваё стаўленне да былога камандзіра дэсантнікаў Валерыя Сахашчыка, які ўвайшоў у Кабінет Святланы Ціханоўскай.
«Адразу скажу, што я не знаёмы асабіста з Валерыем
Сахашчыкам, толькі чуў пра яго добрае ад людзей, не давяраць словам якіх у мяне
няма ніякіх падстаў, — пішаСяргей Навумчык. —
Таму пішу пра свае адчуваньні, скажам гэтак, з адлегласьці.
Адучуваньні, скажу адразу, добрыя.
Думаю, што зьяўленьне на беларускім палітычным полі такога
чалавека, як падпалкоўнік Валерый Сахашчык — калі не галоўная, дык адна з
асноўных падзеяў апошняга часу. Мне падаецца, гэта цалкам натуральна. Гэта і
павінна было адбыцца ў сытуацыі, калі актыўная, палітызаваная частка грамадзтва
пераацэньвае тактыку лідэраў пратэсту 2020 (калі там увогуле была тактыка) і
сам мірны характар пратэстаў (лічу, што можна было зьмясьціць Лукашэнку і
мірным шляхам, але гэта асобная тэма). Другая (а можа быць, і першая прычына) —
вайна Расеі супраць Украіны.
Сахашчык ня мае палітычнага бэкграўнду, але ва
ўзаемадачыненьнях з прадстаўнікамі Ўкраіны гэта якраз можа быць плюсам: ён
нідзе не зрабіў ніякіх заяваў, якія маглі б быць перашкодай для кантактаў з
афіцыйным Кіевам.
Мне даслалі інтэрвію Сахашчыка часопісу «Спецназ» недзе 6-7-гадовай даўніны і, прызнацца, я з трывогай чакаў фразаў, уласьцівых афіцэрам
майго пакаленьня, якія пачалі службу яшчэ ў СССР — «Такую страну развалили!»,
«Растянули Союз по национальным квартирам, а кто подумал об армии?», «Мы были
мощной армией и нас все боялись».
Нічога падобнага. Цьвярозая ацэнка і гісторыі, і арміі. Так,
ацэнка ваеннага чалавека, лексіка дэсантніка (дэсантнікі вылучаюцца з ваеннага
асяродзьдзя, гэта заўсёды была «элітная» група).
Пра «традиции русского офицерства», што многіх абурыла.
99,99% афіцэраў у найлепшыя гады Беларусі (1991-1993) выхоўваліся ў арміі на
«традициях русского офицерства», бо афіцэры-актывісты БЗВ былі з войска
звольненыя па загаду людзей з атачэньня Кебіча (на жаль, Шушкевіч іх не
абараніў, а магчымасьцяў дэпутатаў БНФ не хапала). У гады Лукашэнкі пра
што-небудзь беларускае ў войску ўвогуле гаворкі няма.
Давайце будзем успрымаць і людзей, і падзеі ў рэальным
кантэксьце. Скажам, нам у школе, ва ўнівэрсытэце ўвогуле не казалі пра БНР. Мае
веды пра ВКЛ і БНР у момант, калі я стаў дэпутатам Апазыцыі БНФ, можна было
ўмясьціць на старонку тэксту (праз два, а то і праз тры інтэрвалы). Кожны з нас
— прадукт выхаваньня. Пытаньне ў тым, ці здольны чалавек вярнуцца да
гістарычных каранёў.
Прыгадваецца, як адна дэпутатка, праціўніца БНФ, прыйшла на
паседжаньне нашай дэпутацкай групы, каб зблізку паглядзець на прадстаўнікоў
руху, які не ўспрымала (бо брала інфармацыю з афіцыйных СМІ). Стаўленьне яе да
нас было, мякка кажучы, скептычным. Даволі хутка яе стаўленьне да БНФ і
Пазьняка зьмянілася, і праз год Галіна Сямдзянава ўпісала сваё імя ў Гісторыю,
унёсшы на Сэсію Незалежнасьці Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.
Людзі мяняюцца. Не заўсёды мяняюцца да лепшага, але калі
зьмяніліся да лепшага — я лічу, што такія зьмены вартыя і разуменьня, і
падтрымкі.
Што датычыць дыскусій адносна выказваньняў Сахашчыка пра
Пазьняка і Пазьняка пра Сахашчыка, дык мне падаецца, што іх размовы перад
форумам у Вільні а ні ў якай ступені не закраналі тэмы стварэньня «кабінэту» і
ўдзелу ў ім Сахашчыка. Думаю, ім было пра што паразмаўляць і бяз гэтай тэмы.
Прыкметна, што сёньня, праз тры дні пасьля форуму, Пазьняк падтрымаў Сахашчыка
(я ўжо прачытаў камэнтары, што, значыць, ён падтрымаў і «кабінэт» — мне
падаецца, адно з другога не вынікае).
Слушна, што Сахашчык адразу патлумачыў эскіз сваіх
узаемаадносін з журналістамі — што, між іншым, абвяргае ацэнкі яго як чалавека
з прамалінейным мысьленьнем і недасьведчанага ў грамадзкіх справах.
Мэта журналіста — выцягнуць з чалавека паболей, і гэта
правільна. Гэта ў інтарэсах грамадзтва, у нашым выпадку — беларускага
грамадзтва. Але ў інтарэсах беларускага грамадзтва і, даруйце за пафас, інтарэсах Беларусі — каб чалавек, які займаецца тым, чым займаецца Сахашчык,
гаварыў як меней. Па розных прычынах. У тым ліку — у інтарэсах бясьпекі, і
сваёй, і сваіх паплечнікаў.
І яшчэ вельмі важна, што ў супрацьстаяньні з фашыстамі ў 2020 годзе спадар Валер Сахашчык быў на баку народа».