Святлана Ціханоўская выступіла ў Камітэце па замежных справах Сената ЗША

Сёння Святлана Ціханоўская ў онлайн-фармаце звярнулася да Сенату ЗША ў Камітэце па замежных справах.

photo_2021_04_21_19_04_44.jpg

Яна распавяла пра ўгон самалёта Ryanair, пераслед актывістаў і журналістаў злачынным рэжымам Лукашэнкі, эскалацыю рэпрэсій у Беларусі і адказала на пытанні амерыканскіх сенатараў. Поўны тэкст выступу — на сайце Святланы Ціханоўскай. Прыводзім фрагмент яе выступу:
Ціханоўская: «Рэакцыя міжнароднай супольнасці на падаўленне пратэстаў была прынцыповай, але паступовай і змяншаецца. Гэта дапамагло рэжыму адаптавацца. Ён адчуў беспакаранасць. Але пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair міжнародная рэакцыя была хуткай і эфектыўнай. Аднак рэакцыя міжнароднай супольнасці не павінна абмяжоўвацца гэтым інцыдэнтам. Уся сітуацыя ў Беларусі заслугоўвае ўсеабдымнага адказу. У адваротным выпадку Лукашэнка ператворыць нашу краіну ў еўрапейскую Паўночную Карэю — непразрыстую, непрадказальную і небяспечную. Аднак ЗША разам са сваімі партнёрамі ў Еўропе могуць спыніць гэты шлях.
Я настойліва заклікаю Злучаныя Штаты:
• пашырыць санкцыі супраць саўдзельнікаў Лукашэнкі, якія фінансуюць рэжым, у тым ліку такія прадпрыемствы, як «Беларуськалій» і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, выявіць крыніцы замежнага фінансавання рэжыму і нацэліць санкцыі на іх;
• абмеркаваць крызіс у Беларусі падчас такіх важных міжнародных мерапрыемстваў, як саміт G7, саміт НАТО, саміт ЕС-ЗША, сустрэчы ЗША-Расія, а таксама запрасіць да ўдзелу беларускія дэмакратычныя сілы;
• падтрымаць ЕС у арганізацыі міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі з удзелам асноўных зацікаўленых бакоў;
• распрацаваць пакет дапамогі ЗША, заснаваны на усеабдымным плане ЕС для дэмакратычнай Беларусі. Важна запэўніць беларусаў у тым, што яны атрымаюць дапамогу пасля пераменаў.
Гэтыя дзеянні маглі б стаць штуршком для пачатку транзіту ўлады — менавіта гэтага патрабуюць беларусы. Інакш Лукашэнка і іншыя дыктатары па ўсім свеце будуць адчуваць сябе беспакаранымі і працягнуць свабодна парушаць міжнародныя нормы, каб знішчаць сваіх праціўнікаў».