Святлана Ціханоўская заклікала Еўрасаюз увесці бязвізавы рэжым для беларусаў

Лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская 31 траўня і 1 чэрвеня ўзяла ўдзел у Кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі, адной з самых буйных палітычных арганізацый у Еўрасаюзе. Чарговы кангрэс праходзіць у Ратэрдаме.

52077307656_b980f4053e_b.jpg


31 траўня там прайшоў «круглы стол», прысвечаны Беларусі. На кангрэсе прысутнічалі кіраўнікі ўрадаў і дзяржаў Еўрасаюза, якія належаць да гэтай партыі, паведаміла яе прэс-служба.

Святлана Ціханоўская заклікала Еўрасаюз «падзяляць беларускі народ і рэжым Лукашэнкі», адзначыла дыскрымінацыю, якую падвяргаюцца беларусы і студэнты, у прыватнасці, з-за сваёй нацыянальнасці.

«Замест гэтага лепш увесці бязвізавы рэжым для беларусаў, — прапанавала Ціханоўская. — А памагатых рэжыму трымаць пад санкцыямі».

Ціханоўская заклікала ўмацаваць супрацоўніцтва паміж ЕС і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а таксама паскорыць распрацоўку і прыняццё «плана Маршала» для Беларусі, які дапамог бы ў правядзенні хуткіх рэформ пасля сыходу Лукашэнкі. «Для беларусаў гэта было б моцным знакам таго, што іх барацьба не дарэмная», — сказала Ціханоўская.

Удзел у Кангрэсе прымалі прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс, канцлер Аўстрыі Карл Нехамер, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прэзідэнт Кіпра Нікас Анастасіядзіс, прэм’ер Харватыі Андрэй Пленковіч, усяго — каля 50 лідараў урадаў і найбуйнейшых еўрапейскіх партый.

Еўрапейская народная партыя (фактычна гэта кааліцыя партый правацэнтрысцкага спектру) цягам двух апошніх дзесяцігоддзяў утрымлівае ў Еўрапарламенце найбольшую фракцыю.