У ЕС Лукашэнку назвалі «кіраўніком сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў»
Аляксандра Лукашэнку назвалі "кіраўніком дзяржаўнай сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў". Такую заяву 18 кастрычніка зрабіў кіраўнік МЗС Германіі Хайка Маас, перадае Еўрарадыё.
![Хайка Маас (Фота: Hayoung Jeon / ЕРА) Хайка Маас (Фота: Hayoung Jeon / ЕРА)](/img/v1/images/20200207135222_6689.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Хайка Маас (Фота: Hayoung Jeon / ЕРА)
Ён не выключыў магчымасць увядзення санкцый супраць авіякампаній, якія перавозяць мігрантаў у Беларусь, і якія пасля спрабуюць нелегальна трапіць у краіны ЕС. Па словах міністра, Лукашэнка "выкарыстоўвае ўцекачоў як сродак аказання ціску на еўрапейскія дзяржавы", паведамляе ТАСС.
Маас абвінаваціў улады Беларусі ў "падаўленні апазіцыі і парушэннях правоў чалавека" і назваў "драматычнай" палітычную сітуацыю ў нашай краіне.
У панядзелак у Люксембургу праходзіць саміт міністраў замежных спраў краін ЕС.
А кіраўнік МЗС Латвіі Эдгар Рынкевіч перад пачаткам пасяджэння заявіў, што ЕС трэба ўзмацніць санкцыі супраць беларускай авіякампаніі "Белавія": "Каб яна не магла атрымліваць нейкую дапамогу". Рынкевіч падкрэсліў, што "Лукашэнка па-ранейшаму працягвае выкарыстоўваць міграцыю ў якасці гібрыднай зброі". Санкцыі могуць чакаць і "турыстычныя кампаніі, якія арганізуюць пералёты [мігрантаў у Беларусь]".