Уладзімір Лабковіч: Улады правялі рэпетыцыю перад прэзідэнцкімі выбарамі

«Усе выбарчыя працэдуры ў Беларусі цалкам дэградавалі. Усе этапы выбарчай кампаніі прайшлі найгорш за ўвесь перыяд нашага назірання».

labkovich_2016_800x400.jpg

Такое меркаванне ў эфіры «Радыё Рацыя» выказаў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

Кампанія ажыццяўляецца з 2008 году. Масавыя парушэнні сёлета фіксаваліся на ўсіх этапах кампаніі: ад фармавання камісій — да падвядзення вынікаў у акруговых выбарчых камісіях.

Праваабаронца адзначыў:

— Прадстаўніцтва апазіцыі было абсалютна мінімальнае ў выбарчых камісіях. 14 кандыдатаў былі знятыя з выбарчай кампаніі, і гэта самы вялікі паказнік. Увядзенне цэнзуры ў час выступаў кандыдатаў. І, канечне, той непрымальны розумам механізм датэрміновага галасавання, які ў нас адбыўся. Фактычна большасць нашых назіральнікаў у той ці іншай форме адзначалі факты прымусу ў датэрміновым галасаванні.

Акрамя таго, падчас падліку галасоў практычна па ўсіх выбарчых участках, дзе праводзілася доўгатэрміновае назіранне, адсутнічала празрыстасць гэтага падліку. На думку Уладзіміра Лабковіча, улады падчас парламенцкіх выбараў правялі рэпетыцыю прэзідэнцкай выбарчай кампаніі наступнага года:

— Улічваючы тое, што зменаў у працэдурах і ў выбарчым заканадаўстве не будзе, можна меркаваць, што выбары прэзідэнта, якія адбудуцца менш чым праз год у Беларусі, будуць адбывацца па тых жа самых правілах, з тымі самымі выбарчымі камісіямі (якія хоць і будуць фарміравацца нанова, але мы ведаем, што склад гэтых камісій будзе той самы).

Гэта ўсё сведчыць пра тое, што мы зараз бачылі такую рэпетыцыю, і можна прагназаваць, што прэзідэнцкая выбарчая кампанія наўрад ці пройдзе па нейкім іншым сцэнары, нейкім больш мяккім ці дэмакратычным. На жаль, не. Мы прагназуем такую ж самую і па адміністрацыйным кантролі, і па сістэмных парушэннях кампанію, як і гэтая парламенцкая кампанія.

Як кажа Уладзімір Лабковіч, сёлетняя парламенцкая выбарчая кампанія адзначылася найбольшым размахам парушэнняў нават у параўнанні з 2012 годам, калі ў краіне была складаная грамадска-палітычныя сітуацыя і дзясяткі палітычных вязнаў, у тым ліку за кратамі знаходзіўся старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

 Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя