Віктар Карняенка: Выбары ва Украіне і Беларусі – гэта неба і зямля
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка распавёў, чым украінскія выбары прэзідэнта адрозніваюцца ад беларускіх.

Фота РИА Новости
21 красавіка ва Украіне пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Напярэдадні старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, якая была запрошана ў Кіеў назіраць за першым турам, заявіла, што яе ўкраінскія калегі бездакорна справіліся з правядзеннем выбарчай кампаніі.
Віктар Карняенка сказащ “Радыё Рацыя”:
— Я быў ва Украіне назіральнікам на выбарах і добра ведаю, як там усё адбываецца. І, калі параўноўваць выбарчыя сістэмы, то можна сказаць вельмі коратка: ва Украіне ёсць выбар, а ў нас — няма. Ва Украіне ёсць магчымасці ў палітычных партый уключыць сваіх людзей у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, там ёсць правы назіральнікаў, якія на ўчастках знаходзяцца не для мэблі, а рэальна сочаць за выбарчым працэсам.
Ва Украіне выбары — не сакрэтная аперацыя, як у нас, а дэмакратычная працэдура. Таму выбарчая сістэма там і насамрэч бездакорна працуе ўжо не першы год. І тут з Ярмошынай можна пагадзіцца.
— Можа старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі, якой спадабаліся ўкраінскія выбары, вырашыць пралабіраваць, каб вопыт правядзення выбараў у краіне-суседцы быў перанесены і ў нашу краіну?
— У Беларусі калі і прымаюцца нейкія змены ў выбарчым законе, то касметычнага плану, каб было хоць нешта паказаць Захаду. І з Украінай нашы выбары нават не варта параўноўваць. Гэта неба і зямля. Параўноўваць можна з Туркменістанам ці якімі-небудзь афрыканскімі краінамі.
Таму замест таго, каб Ярмошына захаплялася ўкраінскай выбарчай сістэмай, лепш бы яна наблізіла беларускую выбарчую сістэму да гэтых стандартаў. Але гэта рабіць ніхто не хоча і, мяркую, у бліжэйшы час не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя