Віктар Марціновіч: Вушы Масквы

Віктар Марціновіч — для budzma.by пра злівы тэлефонных і перамоваў і тых, хто можа за імі стаяць.

mskguide.ru_48391big.jpg

Я цалкам выключаю, што гэтыя запісы былі вырабленыя знутры РБ для дыскрэдытацыі суразмоўцаў, у якіх падобныя галасы, як пра гэта напісаў Арцём Шрайбман.
Таму што калі б беларускія спецслужбы злівалі нешта супраць Баскава ці Эйсмант, яны б рабілі гэта хаця б не на канале, які называе іх «слабавікамі» і які ўвёў у абарот шмат якія абразлівыя мянушкі пра іх.
У «нашых» ёсць свае адпаведныя «зліўныя бачкі», і яны імі паспяхова карыстаюцца.
Я цалкам выключаю, што запіс зроблены адным з фігурантаў гэтых «стужак», бо калі б нават хтось хацеў перавесці стрэлкі на МУС ці АМАП, даказаць сваю недатычнасць да забойства, — ён распавёў, што быў там, на месцы. Ніхто па сваёй волі такое пра сябе распаўсюджваць не будзе.
Да таго ж, з улікам неабмежаваных магчымасцяў беларускага МУС, якое зрабілася спецслужбай больш моцнай і ўплывовай за КДБ, любы чалавек знутры сістэмы, які кідае цень на МУС, мае ўсе шанцы скончыць за кратамі.
То давайце не будзем наіўнымі.
У мяне ёсць свой адказ на пытанне, што адбываецца, і ён вам не спадабаецца.
Памятаеце, той самы канал, які нельга называць, зарабіў сабе першыя 800 тысяч карыстальнікаў на тым, што публікаваў унікальныя матэрыялы пра надзвычайныя здарэнні і дзеянні сілавога блоку — матэрыялы, нібыта ўзятыя знутры. І як бы сістэма ні змагалася з гэтымі выкрыццямі, як бы ні закрывала базы, гэтыя матэрыялы працягвалі з’яўляцца — так, быццам яны браліся звонку.
Памятаеце, пасля адбыліся выбары — і пасля таго як Пуцін і Лукашэнка дамовіліся пра «канстытуцыйную рэформу», дыялог і транзіт улады, на які (паводле маіх дадзеных) былі адпушчаныя 6 месяцаў, — усё прыпынілася. А кантэнт таго самага канала пачаў напаўняцца карыстальніцкімі відэа з абразлівымі каментарамі — некаторыя нават страцілі да яго цікавасць, бо тыя ж «Наша Ніва», «Еўрарадыё», «Белсат» і «Выбары бачыш?» (Тутбай) давалі ўнікальныя паведамленні і стрымы з месцаў падзей, дзе ў іх працавалі карэспандэнты, якіх сістэма жорстка за гэта карала.
А той канал, які нельга згадваць, пачаў спецыялізавацца на спробах каардынацыі вулічных выступаў, прычым не заўсёды паспяхова (я не крытыкую — чалавеку 22 гады, да таго ж цяпер не час для сварак).
За апошнія дні я нічога не чуў пра «дыялог», яго, здаецца, стаміліся нават імітаваць (хаця могуць зараз спужацца і пачаць). Прагучалі папрокі ў адрас Расіі — не за тую цану прадавала газ, мусіць прапанаваць нешта Беларусі, а не прапануе. Самае галоўнае — нават з «канстытуцыйнай рэформай» нешта прымарудзілася: было сказана, што галоўнае — перадача паўнамоцтваў ад прэзідэнта парламенту і іншым прызначаным, то вось яны, паўнамоцтвы, карыстайцеся (з пытаннем паміж радкоў — а навошта тады канстытуцыю змяняць?). Нават пра транзіт было выказванне: яго не будзе.
І нехта ў Маскве мог адчуць, што яго чарговы раз кінулі. Ці «не пачулі».
Прынамсі па тэрмінах ужо зразумела, што нічога не атрымліваецца зрабіць за 6 месяцаў.
І раптам на тым самым канале пачынае з’яўляцца вельмі цікавы кантэнт. Прычым не толькі на ім — і на «Белсаце», і на канале Матолькі (сачэнне за роднымі Бандарэнкі).
Супадзенне? Не думаю!
Цяпер у нас ёсць два вобразы Расіі. З аднаго боку, гэта краіна, дзе адбываюцца такія нягеглыя дзеі, як «недаатручванне Навальнага і Скрыпаляў». Дзе Арменіі не дапамагаюць так, як хацела Арменія. Дзе аперацыя на ўсходзе Украіны заканчваецца незразумела чым. Пачытайце кнігу (прабачце) Прылепіна «Апалчэнскі раманс» — там проста напісана, як сепаратысты змушаныя былі набываць зброю адно ў аднаго за грошы, якія падчас перадачы з Масквы ўвесь час распалавіньваліся праз карупцыю. І ваяваць даводзілася хіба не са сталовымі прыборамі.
З іншага боку, Расія — магутная краіна, якую іншыя бачаць за зменамі на Бліжнім Усходзе, на постсавецкай прасторы — яе інтарэсы па ўсім свеце. Краіна, якая здольная «паўдзельнічаць» у Брэкзіце праз Cambridge Analityca, здольная «прывесці да ўлады Трампа», можа нават «скіраваць Назарбаева ў адстаўку» (тая адстаўка сапраўды была дзіўная).
То я ўпэўнены, што тыя аўдыёзапісы — не мясцовыя. І канечне іх не маглі зрабіць з Польшчы ці Літвы, у якіх тут няма дастаткова адмыслоўцаў, каб мець дачыненне да аудыёперахопаў.
І ў мяне няма сумневаў, чые дакладна вушы тырчаць з гэтых запісаў. Пытанне толькі ў тым, што будзе адбывацца далей. Я не пра афіцыйныя заявы Лаўрова, а пра рэальныя, падкілімныя, крокі.
Гэта аперацыя змушэння да транзіту ўлады і канстытуцыйнай рэформы?
Ці гэта ўжо распачаты «транзіт улады» праз расчараванне ў тым, што не былі пачутыя «прапановы»?
Прычым транзіт без згоды галоўнага «транзіцёра»?