За 2 дні датэрмінова прагаласавала 11% выбаршчыкаў
За два дні датэрміновага галасавання, 13—14 лютага, на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 28-га склікання ў Беларусі прагаласавала 11,06% выбаршчыкаў (у першы дзень — 4,44%).
Паводле дадзеных ЦВК, у Берасцейскай вобласці прагаласавала 9,33% выбаршчыкаў, Віцебскай — 11,36%, Гомельскай — 10,98%, Гарадзенскай — 9,66%, Менскай — 11,05%, Магілёўскай — 11,72%, Менску — 12,67%.
На папярэдніх мясцовых выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2014 года, за два дні датэрмінова прагаласавала 9,8% выбаршчыкаў (у першы дзень — 3,82%).
Датэрміновае галасаванне працягнецца да 17 лютага. У самім галасаванні могуць прыняць удзел больш як 6,9 млн выбаршчыкаў.
Паводле заканадаўства, для прызнання мясцовых выбараў сапраўднымі парог яўкі выбаршчыкаў не ўсталяваны. Выбары будуць прызнаныя пры любой колькасці прагаласаваўшых.
Апазіцыйныя палітычныя партыі і арганізацыі неаднаразова заяўлялі, што мясцовыя выбары 2018 года ў Беларусі з’яўляюцца несвабоднымі і недэмакратычнымі. Пры гэтым кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына каля двух тыдняў таму сказала ў інтэрв’ю, што «сённяшні Выбарчы кодэкс дазваляе правесці альтэрнатыўныя і дэмакратычныя выбары».
Высокую яўку выбаршчыкаў на ўчасткі ў першы дзень датэрміновага галасавання фіксавалі незалежныя назіральнікі. Асноўны дзень галасавання на мясцовых выбарах — 18 лютага.
Паводле Радыё Рацыя