У Польшчу на працу выехала рэкордная колькасць беларусаў
Гэта вынікае са звестак, якія агучыла польскае Міністэрства замежных справаў. У мінулым годзе польскія кансулаты ў Беларусі выдалі больш як 35 тысячаў працоўных візаў. Гэта амаль на 20 тысячаў болей, чым у 2016-м годзе. І ў 7 разоў болей, чым у 2015-м годзе.
Агулам беларусам летась выдалі амаль 419 тысячаў шэнгенскіх і нацыянальных візаў.
Паводле звестак МЗС Польшчы, вырасла і колькасць унёскаў на Карту паляка – амаль на тры тысячы ў параўнанні з 2016-ым.
«Найперш гэта вельмі адлюстроўвае эканамічную сітуацыю ў Беларусі. Людзі імкнуцца вырвацца з беспрацоўя, вырвацца з замкнёнага кола праблемаў у Беларусі», – кажа сустаршыня «Беларускага дому» ў Варшаве Уладзімір Кобец.
Са жніўня «Беларускі дом» кансультуе грамадзянаў Беларусі адносна візавых і працоўных пытанняў. Попыт на такія паслугі вялізны. Беларусы прыходзяць, пішуць і тэлефануюць у Беларускі дом штодня.
«Гэта людзі як зусім маладыя, студэнты, так і людзі ўжо пенсійнага ўзросту. Людзі, якім нават за 60 год прымаюць свядомае рашэнне з’ехаць з краіны і пачаць працу тут, у Польшчы. Пры гэтым не грэбуюць зусім простай працай», – дадае Кобец.
З першага студзеня мінімальны заробак у Польшчы складае 2 100 злотых, ці $ 620 долараў. А сярэдні заробак у польскіх фірмах у снежні склаў амаль 4973 злотых (каля $ 1473) – найвышэйшы паказнік у гісторыі краіны.
Паводле belsat.eu