Затрыманых на Дзень Волі будуць судзіць сёння

Большасць працэсаў пройдзе ў судзе Савецкага раёна Мінска. У прыватнасці, у ім адбудуцца суды над затрыманымі праваабаронцамі — назіральнікамі за спробай правядзення несанкцыянаванага шэсця на плошчы Якуба Коласа ў Мінску.

1015305144.jpg


Як паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбук праваабаронца Анастасія Лойка, яна з сябрамі сабраліся пад уваходам у рэстаран «Лідо», апранулі адпаведныя камізэлькі, дасталі пасведчанні і хацелі ісці назіраць за акцыяй. Але да іх прыйшлі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, адзін паказаў пасведчанне (прычым, праваабаронцам ён быў заёмы, бо каардынаваў затрыманне год таму на офісе ПЦ «Вясна»).

Зартыманых праваабаронцаў завезлі ў РАУС Савецкага раёна і склалі пратаколы. Анастасію Лойку і Андруся Крэчку абвінавачваюць па частцы 1 арт.23.34 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У дачыненні да Таццяны Мастыкінай склалі яшчэ адзін пратакол па арт. 23.4 КаАП — «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы», бо яна не хацела здаваць адбіткі пальцаў — іх знялі сілай. На Максіма Кавалёва складі пратакол па ч.3 арт.23.34 (паўторны цягам года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Таксама ўвечары 25 сакавіка стала вядома, што пасля заканчэння афіцыйнага святкавання стагоддзя БНР супрацоўнікі міліцыі ў раёне вуліцы Няміга затрымлівалі людзей з нацыянальнай сімволікай. У прыватнасці, была затрыманая аўтарка Радыё Свабода Галіна Абакунчык і Багуслаў Цыганкоў. На Цыганкова складзены пратакол за дробнае хуліганства.

Па інфармацыі «Вясны», разгляд справаў у судзе Савецкага раёна адбудзецца таксама ў дачыненні да Артура Журава, Анатоля Лоўкіса, Галіны Цярэнцьевай, Алены Талстой, Сяргея Спарыша, Валянціна Троцкага, Андрэя Шарэнды, Кузняцова, Арцёма Чарняка, Віктара Кавалькова (святар), Юрыя Татура. На іх складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці.

Час суда ва ўсіх аднолькавы — 12 гадзін.