Жазэп Барэль: «Мігранты не змогуць прайсці ў Еўропу»

«Але яны не павінны паміраць у лесе на мяжы», — заявіў 15 лістапада высокі прадстаўнік ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

da8ac07e_85b0_4c4f_bdaa_c1fa515320d3_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg

«Уезд у Еўрасаюз магчымы толькі праз законныя памежныя пераходы, у адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрапейскага Саюза — з наяўнасцю візы ці шляхам працэдуры надання прытулку. Усялякая інфармацыя, якая сцвярджае адваротнае, — памылковая і ёсць чыстай дэзынфармацыяй.

Дарога ў Еўрапейскі Саюз не ляжыць праз Беларусь. Нашы дэлегацыі ва ўсім свеце, асабліва ў найбольш пацярпелых краінах, даюць інфармацыю, каб пазбегнуць інструменталізацыі людзей, каб людзі [не] былі ўзброеныя, каб людзі [не] былі падманутыя і выкарыстаныя ў якасці інструментаў з палітычнымі мэтамі. Гэта незаконна і бесчалавечна», — заявіў Барэль.

«Адказнасць за тое, што адбываецца, на 100 працэнтаў ляжыць на Беларусі. Мы можам пачаць вырашаць гэтую праблему, спыняючы паток людзей у Беларусь.

Тым, хто ўжо знаходзіцца ў Беларусі, трэба аказваць гуманітарную дапамогу. А тыя, хто не мае права лічыцца ўцекачом, павінны быць вернутыя назад у краіны іх паходжання», — дадаў Барэль.

Паводле «Свабоды».