Як Лідскі замак ператварылі ў футбольны стадыён
Ля разбураных муроў кіпелі жарсці, а гледачы, каб пабачыць гэта, набывалі квіткі.
Лідскі замак – адна з архітэктурных візітовак не толькі старадаўняй Віленшчыны, але і ўсёй Беларусі. У яго гонар называюць піва, выяву змяшчаюць на паштоўках і марках, а футбалісты «Ліды» леташні сезон правялі ў майках з відарысам знакамітай фартэцыі.
У гэта складана паверыць, але ў пэўны час гісторыі спорт ля муроў тамтэйшага замка меў вялікае значэнне. Да 1939 года, калі горад знаходзіўся на тэрыторыі Польшы, там адбываліся не толькі паказальныя выступленні пажарных, канцэрты, сустракалі прэзідэнта Польшы Ігнацыя Масціцкага, але і праводзілі сапраўдныя футбольныя матчы, на якія нават прадавалі квіткі.
Раскажам пра спартыўную старонку замка падрабязней.
* * *Я здаўна цікаўлюся побытам Заходняй Беларусі за часамі палякаў (1921-1939). Ёсць у мяне такі інтарэс. І аднойчны ў сеціве натрапіў на тузін старых фотакартак Ліды. Сярод іх былі і здымкі разбуранага Лідскага замка. Мяркуючы па іх, у замку, нягледзячы на яго панылы стан, віравала сапраўднае спартыўнае жыццё. Над уваходам у замак вісела шыльдачка, на якой было па-польску напісана, што тут знаходзіцца вайсковая спартыўная пляцоўка.
Магутны двухвежавы замак пабудавалі з цэглы і бутавага каменя ў 1330-х гадах па даручэнню вялікага князя літоўскага Гедыміна і ўключылі ў антыкрыжацкую лінію абароны Навагрудак-Крэва-Меднікі-Трокі. Вакол абарончай пабудовы паступова пачало расці паселішча. Замак неаднаразова выкарыстоўваўся па сваім прызначэнні. Яго даволі часта спрабавалі ўзяць крыжакі, але на іх рахунку толькі адзін поспех – у 1384-м.
– У 1659-м годзе замак быў разбураны войскамі Маскоўскага княства пад кіраўніцтвам ваяводы Мікіты Хаванскага, – кажа мясцовы краязнаўца Станіслаў Суднік. – Пасля да ягонага знішчэння падчас Паўночнай вайны руку прыклалі шведы. Далей ён ужо стаяў у разбураным стане.
Другое жыццё ў замак удыхнулі палякі, якія ўключылі Ліду ў межы Другой Рэчы Паспалітай ў 1921 годзе. Як кажа спадар Суднік, Ліда была значным горадам яшчэ з часоў князя Гедыміна, але падчас паўстання 1863 года страціла шмат насельніцтва. На думку суразмоўцы, тут пражывала паўтары тысячы чалавек. Але напрыканцы 19 стагоддзя праз Ліду праклалі чыгунку, і горад пачаў развівацца, стаў значным транспартным вузлом. У 1921 годзе тут пражывала 13,4 тысячы жыхароў, а ў 1939-м – у два разы больш. Ліда, як і Гродна на той момант, была цэнтрам павета, лічылася прамысловым цэнтрам. За палякамі ў горадзе працавалі два – амаль адзіныя на ўсё Навагрудскае ваяводства – бровары, тры цукерні, фабрыка гумовага абутку «Ардаль», хімічнае прадпрыемства «Карона» і некалькі паліграфічных заводаў.
Буйной спартыўнай пляцоўкі ў горадзе не было, і палякі вырашылі размясціць яе наўпрост на тэрыторыі разбуранай фартэцыі.
– Чаму стадыён зрабілі ў замку? Пытанне банальнае, – кажа Суднік. – Ён быў незадзейнічанай маёмасцю, а ўся астатняя зямля знаходзілася ў прыватных руках. Уся да апошняга кавалачка.
Краязнаўца Леанід Лаўрэш падкрэслівае, што за палякамі замак стаў культурным і спартыўным цэнтрам горада. Тут адбываліся выступленні пажарных, канцэрты, стаяў цырк-шапіто, звярынец.
А ў 1929-м падчас вандроўкі па «крэсах усходніх», як палякі называлі ўскраіну сваёй дзяржавы, прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі наведаў Ліду. Пабываў у фарным касцёле, на выставе ў рамеснай школе, Народным банку, адкрыў агульнаадукацыйную школу і заскочыў у замак. Пра тую імпрэзу нагадвае фотакартка, якую зрабіў вядомы вайсковы і ўрадавы фотарэпарцёр Вітольд Пікель.
Зімой у замку залівалі каток, ставілі ялінку, а ў астатні час тут гулялі ў футбол мясцовыя каманды. Умовы для гульцоў і заўзятараў на замкавым стадыёне былі даволі аскетычныя. Газон футбалістам замяняла звычайная пустка. Назіраць за гульнямі публіцы прыходзілася стоячы. Аднак, нягледзячы на гэта, на матчы прадавалі квіткі, а сустрэчы з удзелам мясцовых камандаў рэкламавалі праз афішы.
– У замку рэгулярна праводзілі мясцовыя чэмпіянаты, спаборніцтвы сярод паветаў, – расказвае Станіслаў Суднік. – Глядацкіх месцаў было няшмат. Уваход быў платны. Але былі і тыя, хто прабіраўся бясплатна. Традыцыйнымі ў Лідзе былі матчы паміж польскімі і яўрэйскімі камандамі. Пра іх расказваў вядомы паэт, сакратар саюза пісьменнікаў Польскай Народнай Рэспублікі Ежы Путрамент, які вучыўся у лідскай Дзяржаўнай гімназіі імя Караля Хадкевіча. Паколькі спрадвечныя спрэчкі паміж палякамі і яўрэямі гледачам пачалі надакучваць, яны перасталі хадзіць на іх матчы. У выніку яўрэі пайшлі на хітрасць і памянялі назву каманды. Народ прыйшоў глядзець на новы калектыў, а ўбачыў знаёмых гульцоў…
* * *
На той час чэмпіянат Польшчы па футболе меў даволі цікавую сістэму. З 1927 года ў краіне была агульнанацыяльная ліга, але не існавала выразнага другога дывізіёна. Квіткі у вышэйшую лігу паміж сабой аспрэчвалі пераможцы акруговых ліг (Беластоцкая, Віленская, Палеская і гэтак далей), якія ў сваю чаргу фармавалі лепшыя калектывы лакальных футбольных турніраў.
Даследчык даваеннага футбола ў Заходняй Беларусі Аляксандр Будай кажа, што мацнейшыя каманды ў «беларускіх ваяводствах» базіраваліся ў Гродне («Крэсовія», ВКС, «Макабі», «Крафт»), Брэсце («Рух», ВКС, «Брэст»), Пінску («Котвіца», «Агніска»), аднак амаль ніколі ў фіналах акруговых спаборніцтваў яны не маглі скласці канкурэнцыю клубам з Вільні. Напрыклад, у 1934-м «Сміглы» проста знішчыў гродзенскі ВКС з Гродна (12:0, 6:0) і Брэста (3:1, 6:0), а праз тры гады гэты ж самых клуб настраляў «Руху» – 6:0, 2:1.
Футбольных калектываў у Лідзе хапала, але, як лічыць Будай, яны не мелі глыбокіх традыцый і буйных сродкаў у адрозненне ад гродзенскіх клубаў, якія нават запрашалі гульцоў з Варшавы. Лідскія каманды існавалі пераважна некалькі гадоў і ў аб’яднаных спаборніцтвах Віленскага і Наваградскага ваяводстваў амаль нічога не дасягалі. Каманды ставаралі вайскоўцы 77-га пяхотнага і 5-га лётнага палкоў, паліцэйскія (ПКС), пажарныя (КС ЛОСП), гарадскія прадпрыемствы («Ардаль») альбо прадстаўнікі асобных нацыяльных груповак (яўрэйскі «Крафт»).
Калектывы складаліся цалкам з аматараў, і адсутнасць майстэрства адбівалася ў неспартыўных паводзінах на полі – некаторыя матчы чэмпіянату Ліды ператвараліся ў сапраўдныя вулічныя бойкі. Аляксандр Будай расказвае, што грубыя ўдары па нагах былі фірмовым стылем некаторых камандаў. Напрыклад, аднойчы матч паміж КС ЛОСП і ПКС проста не завяршылі – “паліцэйскаму” Эйсманту зламалі нагу. А вось варатару ПКС «пашанцавала» яшчэ больш. У фінале першынства горада яму адбілі ныркі, і ён патрапіў у бальніцу ў цяжкім стане.
Першай лідскай камандай, якая патрапіла ў акруговую лігу, быў 77-мы пяхотны полк. Здарылася гэта ў 1932-м. Праз тры гады яе дасягненне паспрабаваў паўтарыць ПКС. «Праваахоўнікі» спачатку перайгралі слонімскі «Макабі» і ў матчах з віленскім «Друкаром» мусілі вызначыць, каму гуляць у акруговай лізе. Газеты пісалі, што гэтыя матчы выклікалі вялікі інтарэс у горадзе, але цуда не здарылася. Віленчукі двойчы перамаглі – 6:1, 2:1. Нягледзячы на гэта, прэса ў складзе ПКС вызначыла тэхнічнага хаўбека Урбановіча, які мог абысці ледзь не ўсю абарону “Друкара”, але ў завяршэнні яму не хапала дапамогі добрых нападаючых. ПКС хоць тады і саступіла, але паказала сябе даволі ўпартай камандай і праз некалькі гадоў усё ж такі выйшла ў акруговую лігу.
Хто ведае, можа, з часам лідскія каманды і дасягнула б чаго-небудзь у польскім футболе, але напачатку верасня 1939-га пачалася Другая сусветная вайна, а 17 чысла «вызваляць» Заходнюю Беларусь ад палякаў пачала Чырвоная Армія. Большасць футбольных клубаў неўзабаве расфарміравалі. Нармальнае футбольнае жыццё ў Лідзе аднавілі толькі ў 1962-м годзе, калі заснавалі каманду «Чырвоны Сцяг». А праз дзевяць гадоў на футбольнай карце з’явіцца знакаміты шматразовы чэмпіён БССР «Абутнік».
Вы спытаеце, а што здарылася са спартыўнай пляцоўкай у замку? Яе актыўна выкарыстоўвалі да 1937 года, пакуль, як узгадвае Леанід Лаўрэш, на цяперашняй вуліцы Кірава не адкрылі гарадскі стадыён з бегавымі дарожкамі, стрэльбішчам, месцамі для скачкоў у даўжыню і вышыню. Што цікава, гэты стадыён існуе і сёння пад назвай «Юнацтва».
А ў замку, які камуністы некалькі разоў хацелі канчаткова зруйнаваць, але так і не наважыліся, у футбол дзеці ганялі аж да 1980-х. Але з часам яго цалкам закансервавалі, пачалі праводзіць археалагічныя раскопы і ў выніку дзякуючы сродкам, выдаткаваным на правядзенне «Дажынак», правялі маштабную рэканструкцыю. Цяпер тут музей. Каля паўночнай сцяны плануюць паставіць помнік Гедыміну, а пра спорт у замку аддаленна нагадваюць хіба толькі рыцарскія турніры і старыя чорна-белыя фотакарткі.
Фота micrum.me, sb.by, nac.gov.pl
tribuna.com