Сібірскія Курапаты
У 1979 годзе, напярэдадні майскіх святаў, амаль у самым цэнтры горада Калпашава ў чарговы раз абваліўся край берага ракі Об. З абрыву, метраў з двух, тырчалі чалавечыя парэшткі: рукі, ногі, галовы. У патыліцах былі дзіркі ад куляў.
Ігар Кузняцоў
Трупы вырашылі змыць у раку. 3 мая стройбат абнёс месца пахавання высокім плотам з надпісам: «Санітарная зона». Каля «зоны» з’явілася ахова. На ліквідацыю пахавання былі вылучаны значныя сродкі. Тыдзень вяліся падрыхтоўчыя працы, а 11–12 мая ў Калпашава прыйшлі двухтысячасільныя цеплаходы. Бераг мылі напорам вады з-пад вінтоў, якія кругласутачна працавалі на поўную магутнасць.
Тое, як працавалі цеплаходы, мог бачыць увесь горад. Трупы, што плылі па рацэ Об, добраахвотнікі вылоўлівалі бусакамі, чаплялі ім да пояса цэглу, металічныя балванкі — тапілі ў рацэ. Тых
нябожчыкаў, хто не ішоў на дно, а сыходзіў у сваё апошняе падарожжа да Ледавітага акіяна, — секлі на кавалкі вёсламі. Дзень за днём, ноч за ноччу... Некаторыя целы ўсё ж былі прапушчаны, іх
бачылі потым за сотні кіламетраў уніз па рацэ… Так жывыя «перамаглі» мёртвых суайчыннікаў у маі 1979 года...
Як гэта было?
Гарадок Калпашава — невялікі і да нядаўняга часу не надта вядомы. У памяці іншае слова — Нарым. Калпашава — калісьці адміністрацыйны цэнтр Нарымскай акругі — было
вызначана ў якасці адмысловай тэрытарыяльнай адзінкі ў складзе Заходне-Сібірскага краю, адведзенай для знішчэння «ворагаў народа». З усёй Сібіры, з Беларусі, з Масквы і Ленінграда
звозілі іх сюды. У непралазных балотах, у тайзе, якую яны карчавалі, ляжыць многа нашых землякоў.
Пасёлак Калпашава, сучасны выгляд
Падчас калектывізацыі ў Нарымскую акругу было саслана нямала сем’яў раскулачаных. Пра маштабы гэтай высылкі сведчыць лічба — 192 000 чалавек. У іх ліку — больш 20 тысяч
выхадцаў з Беларусі.
Агаф’я Міхайлаўна Гаварцова-Гарноўская, што нарадзілася ў вёсцы Гарэлышы Віцебскай акругі, распавяла: «Прыйшоў 1929 год. У нашай мясцовасці пачалася арганізацыі калгасаў, і на
агульным сходзе сяляне нашай вёскі Гарэлышы прапанавалі бацьку першаму запісацца ў калгас, паказаўшы прыклад іншым. Бацька быў пісьменны і меў аўтарытэт ва ўсёй нашай былой воласці. Ён адмовіўся
запісвацца. Праз некалькі дзён бацьку арыштавала Віцебскае ДПУ. Яго абвінавацілі ў зрыве арганізацыі калгасу. Пратрымалі ў турме каля двух месяцаў. А неўзабаве прыехалі з ДПУ, перапісалі ўсіх, за
выключэннем трох братоў: Трафіма, настаўніка мясцовай школы, Цімафея, які служыў у Чырвонай Арміі, і Антона, што працаваў геадэзістам на будаўніцтве БелГРЭС.
Прад’явілі бацьку пастанову Віцебскага ДПУ, што ён са сваёй сям’ёй высылаецца ў Сібір тэрмінам на 3 гады. На зборы далі 7 дзён. Адправілі нас без канвою да станцыі Багушэўская, а
адтуль пасажырскім цягніком да Новасібірска. Новасібірскае ДПУ накіравала нас на пасяленне ў Калпашаўскі раён. Ссыльным дазвалялася працаваць толькі ў лесе. Мяне ўзялі адны гаспадары ў нянькі за 3
рублі на месяц... Аўрам працаваў у Чалкоўскім леспрамгасе бухгалтарам, Георгій — у Калпашаўскім райспажыўсаюзе таксама бухгалтарам, быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Цімафей быў інспектарам
Нарымскага акруговага сабесу ў Калпашава. Малодшая сястра Ліда вучылася ў Калпашаўскім педінстытуце. Надышоў жахлівы 37-ы год. Страшэнная доля спасцігла нас, Гарноўскіх...»
У снежні 1937 года быў арыштаваны Аўрам Гарноўскі, у студзені 1938-га — Георгій, Цімафей і сястра Лідзія. Пра іх далейшы лёс доўгія гады ў сям’і нічога не ведалі.
Пасля шэрагу хадайніцтваў у Пракуратуру Томскай вобласці Калпашаўскі ЗАГС выдаў маці Агаф’і Міхайлаўны даведкі, што Аўрам памёр 23.02.44 г. ва ўзросце 41 года ад гнойнага плеўрыту; Цімафей
— 12.05.42 г. ад менінгіту; Георгій — 1.02.44 г. ад запалення лёгкіх. Толькі ў 1990 годзе сям’я даведалася праўду, што ўсе браты 16 лютага 1938 года былі асуджаны да
расстрэлу Камісіяй НКУС і пракурора СССР і 20 лютага расстраляныя ва ўнутранай турме НКУС Калпашава.
Такі сумны лёс напаткаў у Калпашаўскім яры больш за тысячу нашых землякоў.
Масавыя расстрэлы пачаліся ў Калпашаве ў другой палове 1930-х гадоў. Падчас правядзення масавай акцыі па «выманні ворагаў народа» ў кастрычніку 1937 года з нізоўяў ракі Об у
Нарымскі акруговы аддзел на дзвюх баржах даставілі «ворагаў народа» з Аляксандраўскага, Каргасокскага, Парабельскага, Калпашаўскага раёнаў. У мэтах забеспячэння аховы гэтыя баржы
былі пастаўлены на якары пасярод ракі, адкуль арыштаваныя дастаўляліся лодкамі ў акруговыя аддзелы Калпашава.
Карпаў С.П., былы оперупаўнаважаны калпашаўскага НКУС, прыгадвае: «У маі 1937 года я пачаў працаваць у гараддзеле НКУС. Пры НКУС знаходзілася ўнутраная турма (прыкладна восем камер).
Асноўная маса арыштаваных утрымлівалася ў гарадской турме. У мае абавязкі ў гэты перыяд уваходзіла здзяйсняць арышты па ордэрах. На арышты хадзілі, як правіла, тры чалавекі з панятымі. Наша задача
была даставіць арыштаванага ў аддзел. Што было далей з арыштаванымі, я не ведаю. Працу з імі здзяйснялі следчыя. Пра тое, што ва ўнутранай турме ладзілі расстрэлы, гэта значыць прыводзілі прысуды ў
выкананне, я ведаў ад выканаўцаў. Расстрэлы ажыццяўляліся ва ўнутранай турме, якая знаходзілася ў будынку НКУС недалёка ад берага ракі Об...»
Яшчэ адзін былы оперупаўнаважаны калпашаўскага НКУС Мерынаў Б.Я. успамінаў: «Будынак КПЗ складаўся з 6 камер. Новасібірск зацвярджаў, каго расстрэльваць. Звычайна, у першую чаргу прыбіралі
тых, каго прыгналі з цэнтральных раёнаў Беларусі, асабліва ў 1939 годзе. Назад нікога не адводзілі. Хавалі расстраляных у двары КПЗ. Ямаў было тры. У канцы хавалі там, дзе расстрэльвалі, — у
камерах...»
Стараннямі работнікаў НКУС у 1930-я гады была прыдумана магутная нацыяналістычная арганізацыя «Польская арганізацыя вайсковая», якой у прыродзе не існавала, яна нібы мела свой цэнтр
у Маскве і адпаведныя «камітэты» ва ўсіх рэгіёнах былога Савецкага Саюза. У адпаведнасці з дырэктыўнымі ўказаннямі УНКУС па Заходне-Сібірскім краю, такая арганізацыя была
«створана» і ў Нарымскай акрузе. Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам і па яе прамым указанні павінны былі дзейнічаць «ворагі народа» з польскімі і беларускімі
прозвішчамі і імёнамі.
Асаблівых складанасцяў гэта не выклікала: працэнт палякаў і беларусаў, якія пражывалі там, быў досыць высокі.
Справы на «Польскую арганізацыю вайсковую» адрозніваліся ад іншых тым, што амаль усе яны былі групавымі. Дастаткова прыгадаць лёс жыхароў вёскі Беласток Крывашэінскага раёна
Заходне-Сібірскага краю, дзе за адну ноч з 11 на 12 лютага 1938 года былі арыштаваны практычна ўсе мужчыны ва ўзросце ад 17 да 70 гадоў. Большасць з іх скончылі свой жыццёвы шлях у Калпашаўскім
яры.
Былы следчы УКГБ СССР па Томскай вобласці Спрагоўскі А.І. распавёў: «У перыяд з 1955 па 1960 год я займаўся пераглядам архіўна-следчых спраў на асуджаных пазасудовымі органамі. Не буду
засяроджвацца на сутнасці гэтых спраў, але адзначана магу сцвярджаць, што 99 працэнтаў правераных спраў былі груба сфальсіфікаваныя былымі работнікамі Томскага і Нарымскага аддзелаў НКУС. З
сукупнасці ўсіх сабраных у гэты перыяд матэрыялаў вымалёўваецца наступная карціна... Сведкі, якіх мне давялося дапытваць, казалі, што за гэтым плотам турмы ляжаць расстраляныя ў 37–38 гадах
людзі.
Памятаю паказанні Караваева Сяргея Рыгоравіча, які быў непасрэдным выканаўцам расстрэлаў (цяпер ён памёр). Тады дзейнічала брыгада, якой для смеласці давалі спірт... За плотам былі зробленыя трапы,
па якіх арыштаваныя ішлі да выкапанай ямы. Калі даходзілі да пэўнага месца, з хованкі гучаў стрэл. Чалавек звальваўся ў яму... Склалася цвёрдае перакананне, што за тым плотам былі пахаваны тысячы
нявінна асуджаных людзей...»
Пасля прывядзення прысудаў у выкананне трупы расстраляных перасыпаліся гашанай вапнай у ямах, выкапаных у двары. Пасля, калі плынь асуджаных рэзка павялічылася, расстраляных сталі закопваць пад
насцілам камеры. Ямы з трупамі, паводле інструкцыі, раўняліся з зямлёй і нічым не пазначаліся.
У асноўным у Калпашаве расстрэльвалі ў перыяд з 8 мая 1937 года да 4 мая 1943 года. Паводле папярэдніх дадзеных, атрыманых з матэрыялаў і дакументаў Пракуратуры Томскай вобласці і ваеннага трыбунала
Сібірскай ваеннай акругі, можна зрабіць выснову, што тут было знішчана ад 1 да 1,5 тысяч выхадцаў з Беларусі. Вызначыць усіх пайменна па вядомых прычынах не ўяўляецца магчымым. Назаву толькі
некаторыя прозвішчы нашых землякоў, расстраляных у Калпашаўскім яры ў снежні 1939 года:
Адамскі Браніслаў Генрыхавіч, 1894 года нараджэння;
Бараноўскі Аляксандр Фаміч, 1893 года нараджэння;
Белых Фёдар Яфімавіч, 1888 года нараджэння;
Бяганскі Аляксандр Дзям’янавіч, 1904 года нараджэння;
Берасневіч Іосіф Іосіфавіч, 1909 года нараджэння;
Бугароўскі Іван Лявонцьевіч, 1888 года нараджэння;
Віцеўскі Іван Алімпіевіч, 1905 года нараджэння;
Врублевская Кацярына Іванаўна, 1908 года нараджэння;
Дарашкевіч Васіль Яфімавіч, 1901 года нараджэння;
Дуда Аляксей Янавіч, 1913 года нараджэння;
Дуда Ян Вітавіч, 1885 года нараджэння;
Зданевіч Аляксандр Восіпавіч, 1884 года нараджэння;
Здановіч Іван Васільевіч, 1910 года нараджэння;
Здановіч Станіслаў Вікенцьевіч, 1882 года нараджэння;
Іваноўскі Іосіф Мікалаевіч, 1903 года нараджэння;
Кавецкі Адольф Васільевіч, 1892 года нараджэння;
Каменка Аляксей Мікалаевіч, 1898 года нараджэння;
Касцецкі Юльян Францавіч, 1880 года нараджэння;
Лесняк-Чарнова Марыя Францаўна, 1891 года нараджэння;
Навіцкі Апалінар Баляслававіч, 1915 года нараджэння;
Палякоў-Сіліцкі Васіль Мітрафанавіч, 1904 года нараджэння;
Рагачэўскі Аляксандр Пракопавіч, 1903 года нараджэння;
Рагачэўскі Пракоп Пракопавіч, 1888 года нараджэння;
Сварчэўскі Аляксандр Піусавіч, 1873 года нараджэння;
Солтан Карней Восіпавіч, 1878 года нараджэння;
Татыржа Баніфат Адамовіч, 1895 года нараджэння і іншыя.
Можна выказаць здагадку, што ў гэтым пахаванні было не менш за 5–6 тысяч чалавек. Хоць ёсць звесткі, што расстрэлы здзяйсняліся не толькі ў Калпашава, але і ў прыгараднай Тагуры і шэрагу
іншых месцаў.