У беларускім спорце зашмат дзяржаўнасці, каб вярнуць былую славу
Незамянімыя ўсё-ткі бываюць — прынамсі, так вынікае з сённяшняга сумнага становішча айчыннага спорту. Старыя сышлі, новых не падрыхтавалі. І што мы маем у выніку?
Беларускі спорт паступова губляе сваіх найлепшых прадстаўнікоў — за апошняе дзесяцігоддзе кар'еры завяршылі многiя лідары ў сваіх дысцыплінах, якія прывозілі медалі з Алімпіяд, чэмпіянатаў свету і Еўропы. Знайсці замену зоркам удаецца далёка не заўсёды. За 31 год незалежнасці ў белспорце чыноўнікі Лукашэнкі так і не навучыліся вырошчваць годную змену, выязджаючы ў асноўным на прадстаўніках яшчэ савецкай школы.
«Тр*буна» расказвае, хто зараз выступае замест нядаўніх лідараў беларускага спорту.
Тэніс, мужчыны
Доўгі час Максім Мірны лічыўся топам сярод парных гульцоў у мужчынскім туры. На рахунку мінчаніна перамога ў міксце з Вікторыяй Азаранка на Алімпіядзе-2012, а таксама шэсць парных тытулаў турніраў Вялікага шлема. У адзіночным разрадзе Мірны чатыры разы дабіраўся да фіналаў на ўзроўні ATP, а ў лютым 2003-га на турніры ў Ратэрдаме атрымаў адзіную перамогу.
Да жніўня 2021-га беларускія тэнісісты больш не бралі турніры ATP у адзіночцы. Серыю даўжынёй у 18 гадоў перапыніў Ілля Івашка ва Уінстан-Сейлеме. Менавіта гэты мінчанін зараз з'яўляецца першай ракеткай Беларусі. У чэрвені 2022-га Івашку ўдалося забрацца на рэкордны для сябе 40-вы радок рэйтынгу, аднак затым пачалося паступовае падзенне. Цяпер Ілля толькі 74-я ракетка ATP.
Акадэмічнае веславанне, жанчыны
Кацярына Карстэн прывозіла медалі з пяці Алімпіяд запар, а ў Атланце-1996 і Сіднэі-2000 станавілася чэмпіёнкай у адзіночцы. Таксама на рахунку Карстэн шэсць найвышэйшых узнагарод ЧС.
Вяслярка спаборнічала да 2019-га, калі ва ўзросце 47 гадоў аб'явіла пра завяршэнне кар'еры. Неўзабаве Карстэн, якая больш за 20 гадоў жыла ў Германіі, пераехала ў Беларусь, каб працаваць трэнеркай, а ў канцы 2020-га падпісалася за Лукашэнку.
Зменшчыцай Карстэн магла стаць мінчанка Ганна Пракацень, аднак дзяўчына ў 2017-м пераехала ў Санкт-Пецярбург і ўзяла расійскае грамадзянства. Праз чатыры гады вяслярка раскрылася і заваявала для Расіі срэбра ў Токіа-2020. Іншай годнай змены ў жаночай адзіночцы не выгадавалі — апошнія ЧС да міжнароднага бана праходзілі без прадстаўнікоў Беларусі.
Веславанне на байдарках і каноэ, мужчыны
Браты-канаісты, падпісанты за рэжым Аляксандр і Андрэй Багдановічы двойчы прывозілі з Алімпіяд узнагароды. У 2008-м двойка стала найлепшай у Пекіне, а праз чатыры гады ўзяла срэбра ў Лондане.
З таго часу беларускія мужчыны бралі нямала ўзнагарод на ЧС і ЧЕ, аднак лічаныя з іх былі ў алімпійскіх дысцыплінах. Лідарам мужчынскай зборнай можна назваць Алега Юрэню. Аднак з сямі яго медалёў на ЧС (1+2+4) толькі тры аказаліся ў алімпійскіх класах (0+1+2). На мінулай Алімпіядзе Юрэня ў адзіночцы стаў 12-м, а ў двойцы з Мікітам Борыкавым — сёмым.
Настольны тэніс, мужчыны
Да нядаўняга часу Уладзімір Самсонаў быў жывой легендай у сваім відзе спорту: 3-разовы прызёр ЧС, 3-разовы пераможца Кубка свету, 6-разовы чэмпіён Еўропы, 31 тытул ITTF. Але вось за шэсць Алімпіяд узяць медаль так і не ўдалося. Уладзімір быў поўны намеру паляцець у 2021-м у Токіа за апошнім шанцам, але планы перакрэсліла траўма. Перад стартам японскіх Гульняў Самсонаў ва ўзросце 45 гадоў аб'явіў пра завяршэнне кар'еры.
Зараз у топ-200 сусветнага рэйтынгу з беларусаў уваходзяць толькі два чалавекі — у самым канцы: 39-гадовы Павел Платонаў займае 195-е месца, 24-гадовы Аляксандр Ханін — 200-е.
Велатрэк, жанчыны
Наталля Цылінская 28 разоў перамагала на этапах Кубка свету і 8 разоў на чэмпіянатах свету. А вось на АГ здолела ўзяць усяго толькі адзін медаль — бронзу ў гіце на 500 метраў у Афінах-2004. Пасля завяршэння кар'еры Наталля стала спартыўнай функцыянеркай у сваім вiдзе, а ў 2020-м падпісалася за рэжым.
На дадзены момант лідаркай жаночага велатрэку Беларусі з'яўляецца Ганна Церах. Дзяўчына ўзяла срэбра на ЧЕ-2020 у скрэтчы. На ЧС-2021, куды яшчэ запрашалі беларусаў, Церах у асабістых гонках не ўзнімалася вышэй за пятае месца.
Кіданне молата, мужчыны
Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі ў свой час стабільна прывозілі медалі з розных спаборніцтваў. Праўда, некаторыя з іх забралі за допінг, але ўзнагароды АГ-2008 спартсмены, як вядома, адсудзілі з-за парушэнняў працэсу праверкі проб. У Дзевятоўскага, акрамя срэбра Пекіна, ёсць золата ЧС-2005. Той турнір першапачаткова выйграў Ціхан, але потым вынік анулявалі якраз за допінг. Затое ў Івана засталіся сусветныя тытулы за 2003-ці і 2007-мы, а ў 2016-м да бронзы Алімпіяды дадалося срэбра.
Пасля завяршэння кар'еры Дзевятоўскі быў членам парламента Лукашэнкі, а таксама ўзначальваў Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі. Жнівеньскія падзеі 2020-га прымусілі спартсмена перагледзець сваё стаўленне да рэжыму, за што яго ў федэрацыі замянілі на Ціхана, які падпісаўся за рэжым.
Лепшым кідальнікам молата зараз у Беларусі з'яўляецца Аляксандр Шымановіч. Самае значнае дасягненне спартсмена — гэта другое месца на ЧЕ U-20 у 2017-м. На гэты момант Шымановіч займае 20-ю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу.
Фехтаванне, мужчыны
Раней у Беларусі існавала якасная школа фехтавання. Так, Віталь Захараў двойчы прывозіў з ЧС па бронзе (2002, 2003). Таксама на рахунку шпажыста перамога на ЧЕ-2001. Апошні ўсплёск быў у 2011-м: чацвёрка шаблістаў у складзе Аляксандра Буйкевіча, Дзмітрыя Лапкеса, Аляксея Ліхачэўскага і Валерыя Прыёмкi нечакана дабралася да фіналу ЧС, дзе прайграла Расіі.
Цяпер ад былых дасягненняў не засталося і следу. У даваенным рэйтынгу міжнароднай федэрацыі найлепшым ад нашай краіны быў Уладзіслаў Курыловіч, які займаў 168-е месца.
Біятлон, жанчыны
Дар'я Домрачава ўзяла за кар'еру шэсць алімпійскіх медалёў. Заваяваўшы ў эстафеце Пхенчхана-2018 сваё чацвёртае золата, Домрачава стала першай у гісторыі жаночага біятлона, у каго аказалася столькі галоўных узнагарод Гульняў.
Пасля завяршэння кар'еры Дар'я разам з мужам Уле Эйнарам Б'ёрндаленам з'ехала працаваць з біятланістамі ў Кітай. Там Домрачава даведалася пра збіццё свайго брата Мікіты, які ў 2020-м выпадкова патрапіў пад замес ад носьбітаў формы, аднак з асуджэннем іх дзеянняў так і не выступіла.
Лідаркай жаночай зборнай пасля сыходу Домрачавай стала Дзiнара Алімбекава (цяпер Смольская), якая перадавала эстафету ў 2018-м. Сезон 2020/21 яна завяршыла сёмай у агульным заліку КС, а ў сезоне 2021/22 магла прэтэндаваць на большае, ды стаў суагрэсарам рэжым Лукашэнкі, які Алімбекава публічна падтрымлівае — i давялося заканчваць сезон з расiянамi.
Фрыстайл, мужчыны
Пяць Алімпіяд запар (1998-2014) беларускія акрабаты-мужчыны абавязкова прывозілі на Радзіму медалі. Чэмпіёнамі Гульняў станавіліся Аляксей Грышын (плюс бронза) і Антон Кушнір. Дзмітрый Дашчынскі заваёўваў серабро і бронзу. Таксама на рахунку пералічанай тройкі шэсць медалёў чэмпіянатаў свету (1+3+2) і неаднаразовыя перамогі на этапах КС.
З таго часу відавочнага лідара ў мужчынскай зборнай не з'явілася. У апошні раз беларускі фрыстайліст паднімаўся на п'едэстал этапаў КС толькі ў сезоне-2019/20, калі Павел Дзік двойчы станавіўся трэцім. На дхвюх апошніх Алімпіядах вышэй за ўсіх залятаў Станіслаў Гладчанка. У Пхенчхане ён дабраўся да вырашальнага фіналу і стаў шостым, а ў Пекіне скончыў выступленне 11-м.