13 кастрычніка Нідэрланды апублікуюць вынікі тэхнічнага расследавання прычын гібелі MH17

У аўторак будзе прадстаўлены даклад Нідэрландскага савета па бяспецы аб прычынах гібелі малайзійскага Boeing 777 у небе над Данбасам.



danbas_mh17.jpg

13 кастрычніка абяцае стаць адной з паваротных кропак у пытанні расследавання авіякатастрофы, якая здарылася мінулым летам у небе над Данбасам, паведамляе www.dw.com.

У гэты дзень Нідэрландскі савет па бяспецы апублікуе канчатковы даклад пра абставіны крушэння Boeing 777 кампаніі "Малайзійскія авіялініі" 17 ліпеня 2014 года.

У тыя дні ва ўсходняй Украіне ішлі актыўныя баявыя дзеянні паміж арміяй Украіны і прарасійскімі сепаратыстамі.

Доўгі час з гэтым дакладам была блытаніна: ад яго чакалі абвяшчэння імёнаў вінаватых у трагедыі. Аднак задача тэхнічнага расследавання, вынікі якога прадставяць у аўторак, — вызначыць толькі прычыну крушэння, а не называць адказных за яго, як падкрэсліваюць у Гаазе.

Нідэрланды кіруюць расследаваннем абставінаў гібелі Боінг 777 як краіна, якая страціла найбольш грамадзян у выніку авіякатастрофы. Адначасова з тэхнічным расследаваннем Гаага ўзяла на сябе каардынацыю работы камісіі па крымінальным расследаванні. Вынікі яе працы стануць вядомыя, верагодна, не раней за канец 2015 года. Нідэрланды, а таксама яшчэ некалькі краін, настойвалі на тым, каб заснаваць спецыяльны трыбунал ААН па расследаванні прычын авіякатастрофы з тым, каб пакараць вінаватых у крушэнні лайнера.