40 аднапартыйцаў прэм'ера Вялікабрытаніі выступілі за яе адстаўку

40 дэпутатаў-кансэрватараў парламента Вялікабрытаніі падпісалі ліст недаверу прэм'еру і лідэру партыі Тэрэзе Мэй і выступілі за яе адстаўку. 


Такое рашэнне дэпутаты прынялі на фоне пагроз Еўразвязу замарозіць перамовы аб новым гандлёвым пагадненні пасля Brexit да сакавіка. Для таго каб запусціць перавыбары лідэра кансерватараў, неабходна 48 галасоў дэпутатаў.
Раней сышла ў адстаўку міністр міжнароднага развіцця Вялікабрытаніі Прыты Патэль. Акрамя таго, пазбавіцца свайго месца могуць кіраўнік МЗС Барыс Джонсан і міністр працы Дам'ен Грын.
У нядзелю, 12 лістапада, лідэр лейбарыстаў — апазіцыі ў парламенце — Джэрэмі Корбін у сваім артыкуле для Times высунуў ультыматум прэм'ер-міністру і заклікаў яе «кіраваць або сыходзіць», паколькі яна «дэманструе ўсе знакі знаходжання ў офісе, але не ва ўладзе».

may.jpg

Корбін назваў Мэй занадта слабой, каб рэалізаваць Brexit, і абвінаваціў яе ў тым, што «хаос», вакол яе, «разбурае» ўрад, што павышае рызыкі «паслаблення Вялікабрытаніі» ў перамовах з Еўразвязам.
«Нявызначанасць пазіцыі ўрада па Brexit — гэта найбольшая рызыка для нашай краіны», — заявіў Корбін.
У прыватных размовах дэпутаты кансерватары і міністры згаджаюцца з Корбінам, піша Times. Адзін міністр не выключыў прыходу да ўлады лейбарыстаў, ён сказаў газеце: «Жудасна такое казаць, але мы ўсё бліжэй да кропкі, у якой нам трэба нейкі час у апазіцыі для перагрупоўкі».
Брусэль ставіць асноўнай умовай выхаду Вялікабрытаніі з блока плату за пакінутыя абавязацельствы Брытаніі перад партнёрамі — € 60 млрд. Аднак у Еўразвязе сумняюцца, што кансерватары, улічваючы «замяшанне» у іх шэрагах, змогуць забяспечыць выплату ўсёй сумы. Брытанія раней настойвала на тым, каб весці перамовы аб новым гандлёвым пагадненні і выплатах Еўразвязу адначасова.
Неназваны дарадца кіраўніка Еўракамісіі ў гутарцы з Times выказаў меркаванне, што праблема ў партыі кансерватараў. «Ці павінны мы даверыцца Мэй, толькі каб даведацца, што яе зменяць праз некалькі месяцаў ці нават тыдняў?» — сказаў ён.
Паводле РБК