Абама: я асабіста папярэдзіў Пуціна пра адказ на хакерскія атакі
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША заявіла, што Уладзімір Пуцін асабіста стаіць за хакерскімі атакамі, скіраванымі супраць ЗША.
У Белым доме падтрымалі выказанае меркаванне пра тое, што Пуцін мог асабіста санкцыянаваць хакерскія атакі на прадстаўнікоў Дэмакратычнай партыі ЗША ў ходзе прэзідэнцкіх выбараў. Па версіі ЦРУ, мэтай гэтых нападаў была дыскрэдытацыя кандыдата ад дэмакратаў Хілары Клінтан, што ўмацавала пазіцыі Дональда Трампа.
Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ЗША адкажа на спробу паўплываць на выбары, і што ён папярэджваў аб гэтым расійскага лідара Уладзіміра Пуціна. «Няма ніякіх сумненняў, што калі любы замежны ўрад спрабуе паўплываць на нашы выбары, нам неабходна дзейнічаць. І мы будзем дзейнічаць — тады і дзе палічым патрэбным. Адказ можа быць відавочным і публічным, а можа і не быць», — сказаў Абама.
Дарадца Абамы па нацыянальнай бяспецы Бэн Родс распавёў, што размова расійскага і амерыканскага лідараў з нагоды перадвыбарчых узломаў адбылася ў верасні падчас саміту G20 у Ханчжоу. «Пуцін ведае мае меркаванні на гэты конт, бо я асабіста яму пра гэта сказаў», — заявіў прэзідэнт Абама.
Бэн Родс заявіў таксама, што Пуцін жорстка кантралюе любыя аперацыі, якія выконваюцца расійскім урадам, з чаго вынікае, што ён быў у курсе таго, што адбываецца.
"Усё, што нам вядома пра тое, як дзейнічае Расія, і як Пуцін кантралюе свой урад, паказвае на тое, што, зноў-такі — калі вы ведзяце гаворку аб маштабным электронным ўмяшанні накшталт гэтага, — то мы гаворым пра самыя высокія паверхі ўлады", — сказаў Роўдс. "І ў канчатковым выніку Уладзімір Пуцін з'яўляецца афіцыйнай асобай, адказнай за дзеянні расійскага ўрада", — дадаў дарадца Барака Абамы.
Прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст дадаў, што, на яго думку, факт удзелу ў гэтым Пуціна цалкам відавочны.
Тэлекампанія NBC паведаміла, што ў ЗША ёсць доказы таго, што Пуцін персанальна распарадзіўся апублікаваць інфармацыю, здабытую расійскімі хакерамі. У рэпартажыNBC, якія спасылаюцца на словы двух неназваных афіцыйных асоб, сцвярджалася, што хакерская кампанія пачыналася як "вендэта" супраць Хілары Клінтан, а пазней ператварылася ў спробу прадэманстраваць карумпаванасць амерыканскіх палітыкаў і пасеяць разлад сярод ключавых саюзнікаў Амерыкі.
У рэпартажы сцвярджалася, што Уладзімір Пуцін быў абураны, калі Клінтан, на той час дзяржсакратар ЗША, паставіла пад сумнеў сумленнасць думскіх выбараў у Расіі ў 2011 годзе. Ён публічна абвінаваціў яе ў заахвочванні вулічных пратэстаў у Расіі.
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў назваў гэтыя сцвярджэнні глупствам: "Я проста нават быў агаломшаны, калі ўбачыў гэтую навіну на экране тэлевізара, мне нават няма чаго дадаць. Дурасць і абсалютная бесперспектыўнасць вось такой спробы кагосьці ў гэтым пераконваць, па-мойму, відавочная", — адзначыў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства.
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама ў чарговы раз выказаў скепсіс, што Крэмль спрабаваў змяніць ход выбараў пры дапамозе ўзлому электроннай пошты функцыянераў Дэмакратычнай партыі, а таксама Джона Падэста, ключавога дарадцы Хілары Клінтан. Ён таксама не паверыў у даклад ЦРУ, у якім сцвярджаецца, што расейскія хакеры нібыта спрабавалі дапамагчы Трампу перамагчы на выбарах:
"Калі Расія, або любая іншая структура займаліся узломам, то чаму Белы дом чакаў так доўга, перш чым пачаць дзейнічаць? Чаму яны сталі скардзіцца толькі пасля таго, як Клінтан прайграла?" — Напісаў Трамп на сваёй старонцы ў "Твітары".