Парашэнка пракаментаваў перамовы, якія Саўчанка правяла ў Мінску
Сустрэчы народнага дэпутата Украіны Надзеі Саўчанка з кіраўнікамі так званых "ДНР" і "ЛНР" Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім не прыносяць карысці ні ёй, ні Украіне. З такой заявай Пётр Парашэнка выступіў падчас працоўнай паездкі ў Івана-Франкоўскую вобласць.
«Я нікому не дазволю рабіць выгляд, што ва Украіне ёсць ўнутраны канфлікт, і адбяліць Расійскую Федэрацыю, якімі б мандатамі гэта не прыкрывалася. Дарэчы, я сапраўды вельмі шкадую, таму што гэты чалавек прайшоў велізарныя выпрабаванні. І я думаю, што такія крокі ні ёй не на карысць, ні краіне», — перадае УНІАН словы ўкраінскага прэзідэнта.
Па словах Парашэнкі, ўкраінская ўлада прыкладзе максімум намаганняў, каб вярнуць дадому закладнікаў, якія з тэрыторыі Расіі, так і з акупаванай тэрыторыі Данбаса. Ён выказаў падзяку прадстаўніцы Украіны ў працоўнай падгрупе па гуманітарных пытаннях Трохбаковай кантактнай групы Ірыне Герашчанка за настойлівыя намаганні па вяртанні ўкраінскіх закладнікаў дадому. Украінскі прэзідэнт анансаваў важныя ініцыятывы ў гэтай сферы, якія будуць агучаныя бліжэйшым часам.
Як паведамлялася раней, 7 снежня Надзея Саўчанка наведала Мінск, дзе правяла таемныя перамовы з кіраўнікамі "ДНР" і "ЛНР". Пра яе паездку не ведала ні СБУ, ні партыя "Бацькаўшчына", куды ўваходзіла Саўчанка.
Пазней яна заявіла, што паездка была не таемнай, а працоўнай. Па словах дэпутаткі, яна праводзіла перамовы па вызваленні палонных.
Неўзабаве стала вядома, што Саўчанка выйшла з партыі "Бацькаўшчына".
Паводле «Еўрарадыё»