Амбасадар Украіны: у Турцыі затрымана расійскае судна са збожжам з Украіны
Турэцкі бок інфармацыю аб ягоным затрыманні не каментуе.

Турэцкая мытня затрымала расійскае судна з украінскім збожжам, паведаміў пасол Украіны ў Турцыі Васіль Боднар.
«Мы цалкам супрацоўнічаем. Цяпер карабель стаіць на ўваходзе ў порт, ён затрыманы турэцкай мытняй», — сказаў Баднар у эфіры ўкраінскага тэлебачання.
Паводле яго слоў, рашэнне аб далейшым лёсе судна прымуць турэцкія следчыя на пасяджэнні, якое прызначанае на панядзелак.
2 ліпеня агенцтва «Рэйтэр» паведаміла, што ўкраінскі бок звярнуўся да Турцыі з просьбай затрымаць і арыштаваць сухагруз «Жыбек жолы», які ходзіць пад расійскім сцягам, а на яго борце, па сцвярджэнні Кіева, знаходзіцца збожжа, вывезенае з акупаванага Расіяй Бярдзянска.
Мяркуючы па даных сэрвісу Marine Traffic, сухагруз «Жыбек жолы» з 1 ліпеня стаіць на якары поруч турэцкага порта Карасу.
Турэцкі бок інфармацыю аб ягоным затрыманні не каментуе.