Апошнія навіны з Украіны. Як пачаўся 197-ы дзень вайны

Галоўныя падзеі, што адбыліся ўчора позна ўвечары і ноччу на вайне ва Украіне.

maryupal_2.jpg

УСУ працягваюць контрнаступленне ў Харкаўскай вобласці. Афіцыйна ўкраінскія ўлады пакуль не называюць вызваленыя населеныя пункты, аднак па непацверджаных, але вартых даверу паведамленнях, украінская армія здолела акружыць з поўначы і поўдня буйны апорны пункт расійскіх сіл — горад Балаклею. Ва ўкраінскіх абаронцаў можа з'явіцца магчымасць адрэзаць ад забеспячэння ўжо ўсю расійскую групоўку, засяроджаную пад Ізюмам.

У Харкаўскай вобласці, акрамя абласнога цэнтра, расіяне за мінулыя суткі наносілі ўдары па Харкаўскім, Ізюмскім, Чугуеўскім, Багадухаўскім раёнах. Усяго па вобласці пацярпелі восем чалавек, у тым ліку двухгадовае дзіця. Пра гэта паведаміў кіраўнік Абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Алег Сінягубаў.

У Данецкай вобласці з-за расійскіх абстрэлаў за мінулыя суткі загінулі сямёра мірных жыхароў — трое ў Славянску, двое ў Мар'інцы, па адным у Галіцынаўцы і Вадзяным. Яшчэ два чалавекі параненыя.

УСУ паспяхова адбілі атакі расійскага войска ў раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Дзіброўна, Грыгор'еўка, Зайцава, Маёрск, Мікалаеўка Другая, Першамайскае і Каменка, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы здолелі скарыстацца перадыслакацыяй расійскіх сіл і правялі эфектыўнае контрнаступленне на паўночны захад ад Ізюма, прасунуліся як мінімум на 20 кіламетраў і ўзялі пад кантроль 400 квадратных кіламетраў у Харкаўскай вобласці. Пры гэтым аналітыкі лічаць малаверагодным, што контрнаступленне і спробы адцягнуць расійскія сілы на поўдні Украіны з'яўляюцца падманам для аднаўлення аперацый у Харкаўскай вобласці. Украінскія сілы, верагодна, разумна скарысталіся пераразмеркаваннем расійскіх войскаў, тэхнікі і агульнай аператыўнай канцэнтрацыяй для пачатку лакалізаваных контрнаступленняў на крытычныя кропкі ў Харкаўскай вобласці.

Акрамя таго, ISW са спасылкай на ўкраінскія і расійскія крыніцы паведамляе аб актыўнасці ўздоўж двух асноўных напрамкаў у Херсонскай вобласці: на поўначы Херсонскай вобласці на поўдзень ад мяжы з Днепрапятроўскай вобласцю і на захадзе Херсонскай вобласці ўздоўж мяжы з Мікалаеўскай вобласцю.

У Вашынгтона ёсць інфармацыя пра тое, што чыноўнікі адміністрацыі Пуціна кантралююць і каардынуюць фільтрацыйныя аперацыі на захопленых тэрыторыях ва Украіне. Пра гэта заявіла пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд. Паводле яе звестак, расійскія ўлады зладзілі фільтрацыю і дэпартавалі ад 900 тысяч да 1,6 мільёна грамадзян Украіны ў РФ, часта ў аддаленыя рэгіёны на Далёкім Усходзе.

Томас-Грынфілд падкрэсліла, што гэта сур'ёзнае парушэнне чацвёртай Жэнеўскай канвенцыі аб абароне цывільнага насельніцтва — і гэта з'яўляецца ваенным злачынствам.

«The Washington Post» піша, што Пентагон сёння, 8 верасня, абвесціць пра пастаўкі Украіне новай партыі ўзбраення на 675 мільёнаў долараў.

У акупаваным Марыупалі нарастае рух супраціву пад знакам украінскай літары "Ї", якая ператварылася ў сімвал супраціву расійскім захопнікам. Партызанскі рух ставіць па горадзе свае пазнакі "Ї" — нагадвае акупантам і калабарантам, што адплата неўзабаве прыйдзе. Пра гэта, у прыватнасці, у Тэлеграме напісаў дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка.

Учора ўвечары стала вядома, што ў Мелітопалі падарваны штаб Адзінай Расіі ў будынку Новай пошты па вуліцы Ламаносава, дзе ішла падрыхтоўка да «рэферэндуму» — пра гэта паведаміў мэр Іван Фёдараў. Аднак цяперашняе прарасійскае кіраўніцтва акупаванай Запарожскай вобласці заявіла пра «тэракт» у Мелітопалі: падарваны штаб руху «Мы разам з Расіяй».

Уладзімір Зяленскі паведаміў, што СНБА увёў санкцыі ў дачыненні да 606 фізічных асоб, якія належаць да кіраўніцтва Расіі.

Паводле korrespondent.net, ВВС, УНІАН