Бацькі не даехалі да сыноў 50 метраў: расійцы пакінулі сіротамі хлопчыкаў на Кіеўшчыне

У сяле Шаўчэнкава на Кіеўшчыне без бацькоў засталіся двое братоў — 5-гадовы Серафім і 12-гадовы Цімафей. Іх маму і тату расійцы прыцэльна расстралялі адразу як зайшлі ў сяло. Пра гэта распавядае ТСН.

1652369181_5211.webp

8 сакавіка, у дзень, калі ў Шаўчэнкава на Браваршчыне зайшлі акупанты, Юлія і Сяргей — бацькі хлопчыкаў —гандлявалі на мясцовым базары, а дзеці былі дома.

«Калі яны пачулі наступ варожай тэхнікі, яны спрабавалі сесці ў аўтамабіль і пакінуць гэтае месца, і ехаць да дзяцей, але расійскія вайскоўцы расстралялі калоны», — кажуць родныя.

Шанцаў выжыць у мужа і жонкі не было, яны загінулі на месцы, не даехаўшы дадому нейкіх паўсотні метраў.

Нават пахаваць іх атрымалася не адразу. Акупанты дазволілі зрабіць гэта родным толькі на трэці дзень.

Першым аб іх смерці даведаўся дзядзька. Цяжэй за ўсё, кажа ён, было сказаць пра гэта дзецям.

«Мы не ведалі, як сказаць. Вось як сказаць дзецям, што забілі бацькоў і іх больш не будзе?», — адзначае ён.

Зараз хлопчыкі жывуць з дзядзькам Сяргеем і сваёй роднай цёткай Аленай. Сваякі забралі іх да сябе адразу. А вось сказаць праўду вырашыліся толькі праз 10 дзён.

«Раніцай мы ўсталі, а Серафім кажа: «Тату і маму забілі?». Цімафей кажа: «Гэта праўда?». Я ўзяла яго за рукі, кажу, што гэта праўда», — распавядае Алена.

Алена з мужам ужо аформілі апякунства над малодшым. Са старэйшым гэта зрабіць не так лёгка, яго бацька жыве ў Беларусі і на паведамленні ў сацсетках не адказвае.

А дзеці трэці месяц вучацца жыць без бацькоў. Малодшы Серафім цяпер ні на крок не адыходзіць ад старэйшага Цімафея.

«Ён баяўся толькі быць без мяне», — кажа Цімафей аб малодшым браціку.

Паводле unian.net.