Як выглядае галоўны храм Адэсы пасля расійскага ракетнага ўдару (фота)

У ноч на нядзелю, 23 ліпеня, расійскія захопнікі нанеслі чарговы магутны ракетны ўдар па Адэсе і рэгіёне. У абласным цэнтры быў знявечаны Спаса-Праабражэнскі кафедральны сабор Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату.

p1464603_logo.jpeg

Акрамя яго быў пашкоджаны Дом навукоўцаў і іншыя размешчаныя побач будынкі. Таксама стала вядома аб разбурэнні прыватнага дома. З-пад завалаў дасталі жанчыну. Паведамлялася, што яна цудам выжыла.

Клірык Адэскай епархіі УПЦ, архідыякан Андрэй Пальчук заявіў, што разбурэнні рэлігійнай установы каласальныя — «трапіла ў правую частку і прабіла да мінус першага паверха». Паводле яго слоў, парушаны падмурак сабора, цэнтральныя палі, палова будынка засталася без даху, пашкоджана ляпніна, вылецелі ўсе вокны. «Быў пажар, загарэлася частка, дзе ў царкве прадаюцца абразы і свечкі», — дадаў ён.

Архідыякан у тую ж ноч запісаў эмацыйнае відэа, у якім распавёў пра наступствы расійскага ракетнага ўдару па Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы.

«Рускія пачвары патрапілі ў сабор, які будавала ўся Адэса. Патрапіла прама ў алтар, усё ў хлам проста разбурана. Сабору больш няма... Дзякуй, рускія браты... Дзякуй, ваша святасць (як мяркуецца, гаворка ідзе пра Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, які асвячаў расійскую зброю і ўсяляк падтрымліваў вайну Расіі ва Украіне — Рэд.), што вы патрапілі ў самае сэрца мітрапаліта Агафангела (настаяцель храма — Рэд.). Багародзіца вам гэтага не даруе», — сказаў ён.

Спаса-Праабражэнскі кафедральны сабор — самы вялікі праваслаўны храм Адэсы. Ён быў закладзены ў 1794 годзе, а асвяцілі яго ў 1808 годзе. У 1936 годзе сабор быў разбураны. У 2005 годзе яго аднавілі.

Сабор мае статус помніка культурнай спадчыны Украіны.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што УС РФ не наносілі ўдар па Спаса-Праабражэнскім саборы. «Нашы ўзброеныя сілы ніколі не наносяць удары па аб'ектах сацыяльнай інфраструктуры або тым больш храмах, цэрквах і іншых падобных аб'ектах», — сказаў Пяскоў.

Ён заявіў, што падобныя абвінавачанні ад Украіны Расія не прымае, гэта з'яўляецца абсалютнай няпраўдай. Прадстаўнік Крамля выказаў меркаванне, што храм мог быць разбураны ракетай украінскай СПА, якая звалілася на сабор.

Але ён нічога не сказаў, што, калі б Расія не бамбавала Адэсу, то і «ракеты СПА» б не было.