Блінкен усё яшчэ дапускае ўварванне Расіі ва Украіну на гэтым тыдні
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен усё яшчэ дапускае, што Расія можа ўварвацца ва Украіну на гэтым тыдні. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю France 24. Нагадаем, раней імавернай датай пачатку баявых дзеянняў называлася 16 лютага.
«Так, акт агрэсіі на гэтым тыдні цалкам магчымы, калі мы паглядзім на тое, што адбываецца з размяшчэннем расійскіх войскаў у раёнах вакол Украіны», — цытуе Блінкена REFORM.by.
Ён паўтарыў тэзіс аб наяўнасці на межах больш за 100 тыс. расійскіх вайскоўцаў.
«Гэта вельмі трывожна, у тым ліку і тое, што адбываецца з дыслакацыяй у Беларусі на поўначы Украіны. Прэзідэнту Пуціну было б вельмі лёгка паказаць, што ён гатовы ўстаць на шлях дыпламатыі. Пачаць бы з дээскалацыі, са скарачэння войскаў, якія атачаюць Украіну, без правакацый», — дадаў Блінкен.
Нагадаем, у Мінабароны Расіі заявілі, што некаторыя падраздзяленні пачынаюць вяртацца з вучэнняў у пункты базавання. Пры гэтым у NATO пакуль не бачаць прыкмет дээскалацыі ля межаў Украіны.