Дачка Навальнага выказалася пра Лукашэнку як прыклад неразумнага ўлагоджвання тыранаў

Дар'я Навальная ў Страсбургу атрымала за зняволенага ў Расіі бацьку прэмію Сахарава «За свабоду думкі».

Дар'я Навальная

Дар'я Навальная


Яе прамову цытуе Радыё Свабода. У Еўрапарламенце дачка апазіцыйнага расійскага палітыка Аляксея Навальнага, у прыватнасці, сказала:

«Гэта прэмія Сахарава. Андрэй Сахараў быў, хутчэй за ўсё, адным з самых непрагматычных людзей. Я не разумею, чаму людзі, якія ад ягонага імя агітуюць за прагматычныя адносіны з дыктатарамі, не могуць адкрыць кнігі па гісторыі. Гэта было б вельмі прагматычным крокам.

І тады яны б зразумелі, што ў рамках гэтага падыходу пацыфікацыя дыктатараў і тыранаў ні разу не спрацавала.

Не важна колькі людзей паспрабавалі сябе пераканаць у тым, што варʼят, чалавек, які з усіх сіл трымаецца за ўладу, будзе паводзіць сябе годна ў адказ на саступкі і падлашчванні. Гэтага ніколі не здарыцца.

Уся сутнасць аўтарытарнай улады трымаецца на павелічэнні ставак, агрэсіі і пошуку новых ворагаў. І тыя людзі, якія кажуць “давайце не будзем ціснуць на Лукашэнку”, і працягваюць весці дыялог, калі ён збіваў людзей і кідаў іх за краты, дабіліся таго, што Лукашэнка саджае цэлыя пасажырскія самалёты, каб затрымаць аднаго чалавека.

Яшчэ адна рэч, якую прагматыкі, якія заклікаюць лічыць выдаткі і эканамічныя страты, чамусьці не хочуць рабіць, — проста не могуць узяць калькулятар і палічыць, колькі іх прагматызм каштуе еўрапейскім падаткаплатнікам.

Гады падлашчвання да Пуціна далі яму зразумець, што для падняцця сваіх рэйтынгаў ён можа развязаць вайну. Колькі будзе каштаваць Еўропе вайна ва Украіне? Нават сёння ва ўсім патоку навін аб тым, колькі вайскоўцаў сцягваюцца да ўкраінскай мяжы, ніхто асабліва пра гэта не гаворыць. Ніводная прагматычная гандлёвая дамова не акупіць тых страт, якія можа прынесці вайна».

Прэмія імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» — галоўная ўзнагарода Еўрасаюза ў галіне правоў чалавека. У мінулым годзе яе прысудзілі беларускай апазіцыі, якую прадстаўляюць Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала, прадстаўнік стачкама МТЗ Сяргей Дылеўскі, Вольга Кавалькова, Святлана Алексіевіч, Сяргей Ціханоўскі, Сцяпан Пуціла, Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч.

Таксама гэтую прэмію атрымлівалі, у прыватнасці, Беларуская асацыяцыя журналістаў і праваабарончы цэнтр «Вясна».