Расійскія войскі з высокай імавернасцю будуць уведзеныя ў Беларусь зімой 2021/22 — прагноз «American Enterprise Institute»
Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе «Імаверны курс дзеянняў Пуціна ва Украіне» даследчага цэнтра «American Enterprise Institute», паведамляе «Радыё Свабода».
Аўтары даклада лічаць малаімаверным, каб у бліжэйшыя месяцы Крэмль пачаў уварванне на неакупаваную тэрыторыю Украіны. «Пуцін, хутчэй за ўсё, накіруе расійскія сілы ў Беларусь і, магчыма, адкрыта на акупаваны Расіяй Данбас. Ён можа пачаць абмежаванае ўварванне на неакупаваны паўднёвы ўсход Украіны, якое не дацягвае да поўнамаштабнага ўварвання», — пішуць амерыканскія эксперты.
Самым імаверным крокам Пуціна ў дакладзе названа «размяшчэнне расійскіх паветрана-дэсантных і/або мэханізаваных падраздзяленняў у адным або некалькіх месцах у Беларусі, якія б падтрымлівалі запланаваны напад на Украіну, а таксама стваралі б іншыя пагрозы для краін-чальцоў NATO».
«Вельмі верагодна, што гэтай зімой Пуцін увядзе ў Беларусь расійскія войскі. Ён стварыў усе неабходныя інфармацыйныя і ваенныя ўмовы для гэтага і, верагодна, проста чакае, на яго думку, зручнага моманту. Такі крок можа значна ўзмацніць праблему, з якой сутыкаецца NATO, абараняючы краіны Балтыі ад будучага нападу Расіі, таму што ён паставіць расійскія мэханізаваныя падраздзяленні па абодва бакі вузкага Сувалскага калідору, праз які павінны праходзіць пастаўкі і падмацаванне NATO у краіны Балтыі. Гэта таксама стварыла б умовы для будучых пагроз уварвання ва Украіну ўздоўж восі, што дазволіць расійскім войскам захапіць Кіеў з захаду. І гэта паставіць дадатковыя расійскія войскі на польскую мяжу, павялічваючы пагрозу для ўсходняга флангу NATO», — адзначаюць аўтары даклада «Імаверны курс дзеянняў Пуціна ва Украіне».
Яны нагадваюць, што «расійскія войскі актыўна праводзілі вучэнні з беларускімі войскамі, дэманстравалі і удасканальвалі свае здольнасці дзейнічаць у зводных групах, расійскія войскі добра знаёмыя з мясцовасцю і вайсковымі аб’ектамі Беларусі, вайсковай дактрынай, пратаколамі сувязі».