Дасье ў карыкатурах: 50 гадоў без The Beatles

Пяцьдзясят гадоў таму, 10 красавіка 1970 года, сэр Пол Макартні выступіў з заявай, пра тое, што ён не бачыць магчымасці працягу існавання праекту The Beatles. Гэтая дата лічыцца афіцыйным канцом гісторыі легендарнага гурта.

zastavka_8.jpg


Як вядома, прызнанне да The Beatles прыйшло не адразу. Тое, што яны прапаноўвалі ў якасці музыкі, старэйшаму пакаленню здавалася проста шумам і какафоніяй. А некаторыя медыкі нават лічылі, што канцэрты чацвёркі кепска ўплываюць на здароўе, асабліва дзяўчынак. На канцэртах бітлоў панавала масавая дзявочая істэрыя з дзікімі віскамі і слязамі. На малюнку часопіса The Punch таго часу фанатка кажа, што на сённяшнім канцэрце бітлоў з-за хваробы будзе вымушана імітаваць віскі.

1_295.jpg


Многія музычныя аўтарытэты ў той час цалкам сур'ёзна лічылі, што фурор ліверпульскай чацвёркі з'яўляецца сінонімам пачатку культурнай дэградацыі. Гэтае меркаванне ўзмацняў імідж членаў групы і перш за ўсё праз неахайныя шавялюры. Нават амерыканскі прэзідэнт Ліндан Джонсан прызнаўся англійскаму прэм'еру: «Мне падабаюцца хлопцы з вашага авангарду. Але падстрыгчыся ім бы не перашкодзіла». На адным з малюнкаў таго часу мытнікі маюць намер прычасаць чацвёрку, якая вярнулася на радзіму.

2_271.jpg


Аднак у выніку скептыкам прыйшлося перагледзяць падыходы да творчасці бітлоў. Эксперыменты гурта далі велізарны штуршок музычнай культуры. Beatles стала самай першай брытанскай групай, якая заваявала першыя месцы ў чартах ЗША. Аднак сапраўдным знакам прызнання групы з боку эліты стаў чэрвеньскі канцэрт 1963-га ў прысутнасці брытанскай каралевы. Падзея не засталася па-за ўвагай мастакой. На адным з малюнкаў каралеўскія гвардзейцы адмаўляюцца ад сваіх традыцыйных шапак на карысць прычосак музыкаў.

3_250.jpg


Нягледзячы на мега-поспех, адносіны паміж удзельнікамі групы на нейкім этапе аказаліся напружанымі. Лічыцца, што каталізатарам канфліктаў стаў раман Джона Ленана з японскай мастачкай Ёка Она. Уплыў японкі на думкі, паводзіны і творчасць Ленана падштурхнуў яго дыстанцыявацца ад групы, займацца аўтаномнымі праектамі і акцыямі. Адна з іх — «Страйк у ложку за мір» — мела глабальны рэзананс. У сакавіку 1969 года каханкі правялі тыдзень у ложку гатэля ў Амстэрдаме, патрабуючы спыніць усе войны. Поспех перформанса ілюструе карыкатура 1969-га, калі ў Вялікабрытаніі пачаў страйкаваць прафсаюз лётчыкаў. На малюнку пілоты ў стылі Ёка і Джона патрабуюць выканання сваіх лозунгаў лежачы ў ложку.

4_242.jpg


Не паспелі The Beatles раскалоцца ў 1970-м, як пайшлі чуткі наконт уз'яднання гурта. Ледзь не штогод з'яўляліся спекуляцыі на гэты конт. Аднак усе надзеі бітламанаў былі пахаваныя ў снежні 1980 года, калі Марк Чэпмен застрэліў Джона Ленана ў Ню-Ёрку. Асноўным матывам забойства Чэпмен пасля назваў тое, што ён хацеў «выкрасці славу» музыкі і стаць «такім жа славутым». Зрэшты, дасюль папулярная версія аб тым, што бітла замовілі ў ЦРУ. Сапраўды, спецслужбы ЗША актыўна сачылі за музыкам, які сімпатызаваў левым радыкалам і ірландскім рэспубліканцам. На папулярнай карыкатуры канца 70-х агент ЦРУ, які сочыць за экс-бітлом, выхваляецца калегу пра тое, што мае апошнія запісы самаго Джона Ленана.

5_225.gif


Нягледзячы на тое, што The Beatles ужо як 50 гадоў няма, справа бітлоў жыве. Праз паўстагоддзя чатыры генія Ліверпуля не страцілі сваёй папулярнасці і па-ранейшаму дамінуюць на поп-музычнай сцэне. І не толькі музычнай. Напрыклад, канцэпт вокладкі альбома Abby Road стаў матрыцай для шматлікіх графічных эксперыментаў. Так мастак The Guardian адлюстраваў у выглядзе бітлоў цяперашнюю сусветную эліту. Як бачым, на фоне ліверпульскай чацвёркі выглядаюць тыя палітыкі вельмі карыкатурна.

6_1_5.png