Джонсан маўчыць, але ўжо можа афіцыйна балатавацца на пасаду прэм'ера Вялікабрытаніі
Бітва за вольную пасля адстаўкі Ліз Трас пасаду прэм'ер-міністра Брытаніі разгортваецца. Афіцыйна аб намеры балатавацца пакуль абвясціла толькі лідар Палаты абшчын Пені Мардонт. Фаварыты — былы прэм'ер-міністр Борыс Джонсан і міністр фінансаў у яго ўрадзе Рышы Сунак — маўчаць, хоць і Джонсана, і Сунака ўжо падтрымалі мінімальна неабходныя 100 дэпутатаў.
![_127284074_microsoftteams_image_2.png.webp _127284074_microsoftteams_image_2.png.webp](/img/v1/images/_127284074_microsoftteams_image_2.png.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле Бі-бі-сі, да дзвюх гадзін дня суботы аб
падтрымцы Сунака, спаборніка Трас у фінале нядаўніх выбараў лідара
Кансерватыўнай партыі і прэм'ера, заявілі ўжо 112 дэпутатаў Палаты абшчын ад
партыі Торы.
Каб паскорыць абранне новага лідара пасля раптоўнага сыходу
толькі што абранай Трас, партыя гэтым разам увяла вельмі высокі прахадны
бар'ер: балатавацца змогуць толькі тыя, хто заручыцца падтрымкай мінімум ста
членаў фракцыі Торы ў Палаце абшчын.
Усяго ў кансерватыўнай партыі цяпер 357 мандатаў у ніжняй
палаце парламента, і, адпаведна, вылучыцца змогуць не больш за тры кандыдаты.
У суботу раніцай экс-прэм'ер Джонсан прыляцеў у Лондан з
Дамініканскай Рэспублікі, дзе адпачываў з сям'ёй. Як паведамляюць відавочцы, ён прыбыў хоць і ў атачэнні аховы, але
эканом-класам. Заяў адразу пасля прылёту ён рабіць не стаў.
Пені Мардонт пакуль падтрымаў 21
дэпутат. Будучы аўтсайдарам, яна тым не менш стала першай і пакуль адзінай з
прэтэндэнтаў, хто афіцыйна заявіў пра намер балатавацца. Яна нават ужо
выпусціла першы перадвыбарчы ролік для радавых членаў партыі, якім, магчыма,
прыйдзецца галасаваць у канцы працэсу выбараў.
Рышы Сунак таксама пакуль нічога не сказаў журналістам, якія
чакалі яго раніцай каля дома. Аднак па даных крыніц, ён неўзабаве
абвесціць пра намер балатавацца ў лідары.
Месца прэм'ер-міністра Брытаніі вызвалілася на гэтым тыдні
пасля таго, як Ліз трас пасля ўсяго шасці тыдняў на пасадзе падала ў адстаўку
праз правал першых жа яе крокаў у эканамічнай палітыцы.
Новага лідара партыі і прэм'ера кансерватары маюць намер
абраць да наступнай пятніцы, 28 кастрычніка.
![Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан наведаў трэніровачны лагер Украінцаў у Ёркшыры Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан наведаў трэніровачны лагер Украінцаў у Ёркшыры](/img/v1/images/755639481462840.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Якія шанцы Джонсана?
Пакуль ён яшчэ не заявіў афіцыйна аб жаданні балатавацца, але 100 галасоў, неабходныя для таго, каб быць упісаным у бюлетэнь, ён ужо набраў. Палітолагі лічаць, што, нягледзячы на нядаўні скандальны сыход з пасады прэм'ера, шанцы ў яго нядрэнныя.
У Джонсана ў партыі даволі шмат прыхільнікаў. З іншага боку,
менавіта вярхушка партыі фактычна выгнала яго з пасады прэм'ера гэтым летам — на
думку апанентаў Джонсана, з-за скандалаў і абвінавачанняў у хлусні на публіцы
ён стаў клопатам для партыі, і з ім наступныя выбары кансерватарам не выйграць.
Гэтыя абвінавачанні навісаюць над Джонсанам і цяпер:
парламент працягвае расследаванне пытання, ці не схлусіў Джонсан свядома ў
Палаце абшчын, адмахваючыся ад абвінавачанняў з нагоды «кавідных
вечарынак» на Даўнінг Стрыт. Па выніках гэтага расследавання дэпутацкія
паўнамоцтвы Джонсана могуць быць прыпыненыя ці нават ануляваныя, а гэта
неймаверна для прэм'ер-міністра.